photo.bymedia.by

Заснавальнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Алег Манаеў адпушчаны з міліцыі, дзе яго пратрымалі прыкладна тры гадзіны. Цяпер Манаеў рыхтуе спецыяльную заяву з нагоды свайго затрымання.

Як паведаміў яго калега Аляксандр Сасноў, затрыманне адбылося сёння прыкладна ў 15.10 на плошчы Перамогі. Паводле слоў Саснова, ён патэлефанаваў Манаеву і той адразу паведаміў: «Мяне тут затрымлівае АМАП, шукае зброю і наркотыкі, хочуць некуды весці».

У міліцыі Манаева пратрымалі каля трох гадзін і, паводле меркавання Саснова, улады такім чынам хацелі перашкодзіць удзелу сацыёлага ў запланаваным мерапрыемстве з удзелам дыпламатаў.

Манаеў накіроўваўся ў пасольства Польшчы ў Беларусі, дзе ў яго была прызначаная сустрэча з паслом.

У пасольстве Польшчы, якая старшынствуе ў ЕС, Манаеў павінен быў прадставіць на прэзентацыі вынік апошняга — вераснёўскага — даследавання НІСЭПД. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар пасольства Павел Марчук, прэзентацыя ладзілася для замежнага дыпламатычнага корпуса і была прызначана на 15.30, аднак прыкладна за 15 хвілін да пачатку стала вядома аб затрыманні Манаева, і мерапрыемства давялося адкласці.

Прэзентацыя будзе арганізавана «ў любы іншы зручны для Алега Манаева час», сказаў прэс-сакратар.

«Дыпламаты маюць права запрашаць любога чалавека, наша права — ведаць аб сітуацыі ў дзяржаве, у якой мы працуем. Мы запрасілі прафесара Манаева як шырока вядомага вучонага — не мы першыя, не мы апошнія. За чвэрць гадзіны да сустрэчы прафесара арыштоўваюць. Якая прычына для гэтага арышту? Не магу сабе ўявіць», — дадаў Марчук.

Варта зазначыць, што згодна з вераснёўскім нацыянальным даследаваннем НІСЭПД, давер беларусаў да кіраўніка дзяржавы за апошнія дзевяць месяцаў знізіўся ў два з паловай разу. Паводле звестак апытання,

Аляксандру Лукашэнку давяраюць толькі 24,5% рэспандэнтаў, не давяраюць — 62,3%.
Большасць апытаных таксама заявілі, што лічаць прэзідэнта вінаватым у эканамічным крызісе ў Беларусі.

НІСПД — найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны даследчы цэнтр, створаны ў лютым 1992 года групай вучоных, журналістаў, палітыкаў і бізнесменаў.

Асноўнымі відамі дзейнасці НІСЭПД з’яўляюцца: даследаванні ў сферы сацыялогіі, эканомікі і паліталогіі; інфармацыйна-кансультацыйная дзейнасць; правядзенне канферэнцый і семінараў; выдавецкая дзейнасць; прафесійны трэнінг. Да ліпеня 2006 года НІСЭПД узначальваў доктар сацыялагічных навук, прафесар Алег Манаеў. У красавіку 2005 года інстытут быў ліквідаваны па рашэнні Вярхоўнага суда Беларусі і пазней зарэгістраваны ў Літве як грамадская ўстанова. Зараз дырэктарам інстытута з’яўляецца доктар філасофіі Альгірдас Дзегуціс.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру