34-гадовы жодзінец Андрэй Пазняк за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на два гады абмежавання волі без накіравання ў месцы адбыцця пакарання. Ён атрымаў самы «мяккі» прысуд па артыкуле «масавыя беспарадкі».

«НН»: За чатыры месяцы пасля прысуда Вам не адмянілі яго?

АП: Не адмянілі. Пісаў касацыйную скаргу. Цяпер пішу аглядную скаргу. Зменаў няма. Але буду ісці да канца.

«НН»: Вы ведаеце, што на свабоду выйшлі амаль усе вязні па справе 19 снежня?

АП: Ведаю. Амаль усе выйшлі, акрамя экс-кандыдатаў і тых, хто на «хіміі», як я.

«НН»: Некаторыя з іх напісалі прашэнні аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Вам не прапаноўвалі?

АП: Не прапаноўвалі. І не думаю пра гэта. Лічу сябе невінаватым.

«НН»: Што змянілася ў Вашым жыцці за гэты час?

АП: Шмат чаго змянілася… Менш сустракаюся з бацькам, з дачкой. Ад маёй судзімасці больш пакутуюць сваякі, чым я. Бацька — пенсіянер, яму трэба дапамагаць. Але я не магу. Раз на тыдзень, у панядзелак, я з’яўляюся ў міліцыю. Ад 20.00 да 6.00 па буднях я павінен быць дома. Нельга выязджаць з горада. Выходныя павінен праводзіць таксама дома. Цяжка. Але, дасць Бог, хутка ўсё скончыцца. Хаця, безумоўна, яшчэ цяжэй тым, хто за кратамі.

«НН»: Вашая 11-гадовая дачка ведала пра Ваш арышт ці хавалі ад яе праўду?

АП: Ведала. Цяжка ёй было. Хвалявалася. Мяне як выпусцілі з залы суда, дык адразу да яе паехаў. У яе акурат у той дзень быў апошні званок у школе. Я прыехаў лысы. Аднакласнікі ў яе пытаюцца: «Твой тата з арміі прыйшоў?» А яна, разумніца, адказала, маўляў, спёка, таму я і пагаліўся налыса.

«НН»: Да суда Вы працавалі на БЕЛАЗе. Вярнуліся туды?

АП: Не. Мне прапаноўвалі, але я вырашыў, што не варта працаваць на дзяржпрадпрыемстве. Падумаў, што будзе цяжка. І ў любы момант могуць звольніць. Вырашыў, што трэба ўсё пачынаць з пачатку, з белага аркуша.

«НН»: І дзе цяпер працуеце?

АП: Электраманцёрам у прыватнай мінскай фірме. Таму з бацькам і дачкой складана бачыцца. Мая грамадзянская жонка таксама працуе ў сталіцы. Таму вырашылі застацца ў Мінску. Тут я і на ўліку ў міліцыі стаю.

«НН»: Як Вашыя сябры паставіліся да судзімасці?

АП: З’явілася яшчэ больш людзей, якія падтрымалі. Павя-лічылася кола знаёмых. Дзякуючы ім я і перанёс усё.

«НН»: У былым Вы займаліся футболам. Цяпер з’яўляецеся заўзятарам клуба БАТЭ. Сачылі за гульнёй з «Барселонай»?

АП: Безумоўна. На матч мне нельга было трапіць, але сядзеў перад тэлевізарам. Мой бацька ў былым старшы трэнер футбольнай каманды «Тарпеда» (Жодзіна), майстар спорту. І ў мяне яго кроў унутры.

«НН»: Як ацэньваеце гульню?

АП: Згулялі ў сваю сілу. Вынік быў прадказальны. Вопыт, канешне, атрымалі бясцэнны. Галоўнае, што здолелі прывезці да нас каманду сусветнага ўзроўню. Малайцы.

«НН»: Шансы заняць не апошняе месца ў групе ёсць?

АП: Шансы заўжды ёсць. Людзі спорту заўсёды гуляюць на перамогу. Таму паглядзім.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?