У Брэсце з офіса Аб'яднанай грамадзянскай партыі знік шэраг партыйных дакументаў і іншых прадметаў.

Як паведаміў выканаўца абавязкаў старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек, гэта было выяўлена 6 кастрычніка каля 9.30, калі партыйцы прыйшлі ў офіс і не змаглі знайсці многіх рэчаў.

"На гэты час намі ўстаноўлена, што знікла: частка папак з унутранай партыйнай дакументацыяй, большасць запоўненых уліковых бланкаў арганізацыі, сабраныя подпісы жыхароў Брэста пад зваротам да мясцовых уладаў з просьбай аказаць садзейнічанне па ўвядзенні малога прыгранічнага руху. А таксама сцяг АГП, расцяжка з партыйнай сімволікай, ручкі, сшыткі з лагатыпам нашай партыі і іншых дэмсіл, больш як 4 тыс. аркушаў фармату А-3 для выпуску партыйных бюлетэняў, звыш 20 асобнікаў кніг Някляева", — сказаў Вуек.

Паводле яго слоў,

слядоў узлому ўваходных дзвярэй і акна няма, не кранута аргтэхніка і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці.

Апошнімі сыходзілі з офіса 5 кастрычніка ў 23.30 прадстаўнікі прэс-службы абласной арганізацыі. Яны заяўляюць, што тады ўсе зніклыя прадметы былі на месцы.

"Мы не будзем звяртацца ў міліцыю наконт гэтага здарэння, таму што не спадзяемся на аб'ектыўнае расследаванне і лічым інцыдэнт правакацыяй.
На нашу думку, калі б гэта быў звычайны крадзеж, то злодзей забраў бы камп'ютар, прынтар або тэлефон", — сказаў Вуек.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?