Мікалай Лазавік: Хто і каму подпісы перадаваў на выбарах, гэта не наша пытанне
Сакратар Цэнтрвыбаркама пракаментаваў выказванне Лукашэнкі наконт перадачы ім подпісаў іншым кандыдатам.
«Хто і каму подпісы перадаваў на выбарах, гэта не нашае пытанне», — заявіў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, каментуючы выказванне Аляксандра Лукашэнкі аб перадачы сабраных за яго подпісаў падчас прэзідэнцкіх выбараў іншым кандыдатам.
«Мы лічылі тыя подпісы, якія паступілі ў выбарчую камісію», — падкрэсліў Лазавік.
Лукашэнка 7 кастрычніка ў Мінску на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх СМІ паведаміў, што напярэдадні выбараў Мінск наведвалі еўрапейскія чыноўнікі, якія называлі шэраг патрабаванняў па правядзенн выбараў. «Галоўнае было патрабаванне — усіх зарэгістраваць, а ў нас трэба 100 тыс. подпісаўсабраць для рэгістрацыі. Ну добра, прайшоў раунд збору подпісаў. Адзін у Віцебскім раёне ўзяў тэлефонны даведнік і ўсіх перапісаў. Ну як яго зарэгістраваць? Гэтага не рэгістравалі, астатніх зарэгістравалі — 10 чалавек. Я ім аддаў 600 тыс. сваіх подпісаў. У мяне недзе было 2 млн. 700 тысяч, я ім аддаў, каб ЦВК іх зарэгістраваў.
Зарэгістравалі усіх, пад жалезным маім ціскам»,
— сказаў Лукашэнка.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за Аляксандра Лукашэнку было здадзена 1 млн. 110 тыс.149 дакладных подпісаў. Акрамя Лукашэнкі, больш за сто тысяч дакладных подпісаў здалі яшчэ дзевяць чалавек.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ