Яе Бог надзяліў усім: прыгажосцю, розумам, мудрасцю, талентам.Каб я была мастаком — напісала б яе партрэт, каб была паэтам — прысвяціла б самыя чароўныя радкі. Але, паколькі, як казаў Глеб Жэглоў у вядомым фільме, «не сподобил меня создатель» ні на тое, ні на другое, раскажу звычайнай прозай.
Гэта проста неверагодна, што мы з Інэсай Уладзіміраўнай Зубрылінай столькі гадоў у нашым маленькім гарадку Дзятлаве хадзілі па адных і тых жа вуліцах, бывалі на розных мерапрыемствах, але зусім не былі знаёмыя. І калі надоечы ўбачыла па тэлевізары, што
настаўніца англійскай мовы з Дзятлаўскай гімназіі прызнана лепшым настаўнікам года Беларусі і ўзнагароджана "Крышталёвым жураўлём", калі пачула яе кароценькае інтэрв’ю, шчыра парадавалася за сваю зямлячку.
Як толькі Інэса Уладзіміраўна вярнулася са сталіцы і крышку адпачыла, я напрасілася на сустрэчу. Сярэдняга росту, зграбная, нібы дзяўчына, з разумнымі добрымі вачыма, у якіх свеціцца прыязнасць і лагода.
Калі пачалі размаўляць, высветлілася, што
я добра ведала яе дзядулю Дзмітрыя Ульянавіча і бабулю Яўгенію Іонаўну Новікавых. Абое працавалі настаўнікаміў Дзятлаўскай сярэдняй школе № 2, дзе цяпер якраз і месціцца гімназія. Бабуля выкладала гісторыю, а дзядуля і выкладаў, і быў завучам. На вялікі жаль, іх ужо няма ў жывых, але ў людской памяці засталася глыбокая павага і пашана за прыстойнасць, высокі прафесіяналізм, спагаду ў адносінах як да дзетак, так і да дарослых.
Тата Інэсы Уладзіміраўны, таксама гісторык, доўгі час працаваў у школе, а потым — у пашпартным стале ў міліцыі.
Мама была юрыстам, вельмі таленавітым, высакакласным спецыялістам. На вялікі жаль, яна рана пайшла з жыцця.
У радні Інэсы Зубрылінай вельмі шмат хто звязаў свой лёс з выхаваннем і навучаннем дзяцей.
Напрыклад,
прадзед у свой час быў дырэктарам гімназіі ў Мсціславе,і ўсе яго чацвёра дзяцей таксама былі настаўнікамі. Ды і дзядзька Інэсы Уладзіміраўны Віктар Дзмітрыевіч Новікаў не так даўно быў выкладчыкам у Мінскім ваенным вучылішчы.
— Калі я была маленькая, бабуля ці дзядуля бралі з сабой у школу, бо дома не было з кім пакінуць.
Садзілі на апошнюю парту і загадвалі сядзець ціхенька, слухаць уважліва, што кажуць вучні. Так на апошняй парце я і вырасла,— міла ўсміхаецца мая чароўная субяседніца.
— Усім вядома, што праца настаўніка нялёгкая. Яна аднімае шмат сіл і часу. Чым вы, так бы мовіць, расслабляецеся пасля заняткаў, якое ў вас хобі?
— О, у мяне шмат захапленняў! І найпершае —
вельмі люблю падарожнічаць, даведвацца, як жывуць людзі ў іншых краінах,якія ў іх традыцыі, звычаі.
Дасканалае валоданне англійскай мовай дае мне такую магчымасць.
— Шмат дзе пабывалі?
— Так. Я наведала Галандыю, Бельгію, Польшчу, Германію, Арабскія Эміраты. А свет жа такі вялікі, і ўсюды хочацца пабываць. Вярнуўшыся з падарожжа, я заўсёды расказваю сваім вучням аб усім, што бачыла і чула, дзялюся з імі ўражаннямі. Кажу: будзеце добра вучыцца, і вы зможаце там пабываць. Думаю, што гэта заахвочвае іх да старанных заняткаў англійскай мовай ды і іншымі прадметамі,
падкрэсліваю, што ў сучасным свеце нельга быць неадукаваным чалавекам.І даўнейшая прымаўка «вучэнне — святло, а невучэнне — цемра» цяпер набыла яшчэ большае значэнне.
А яшчэ я вельмі люблю музыку. У свой час скончыла Дзятлаўскую музычную школу па класе раяля. Маю дома свой інструмент і часта іграю на ім. Асабліва калі самотна, а гэта,
— Ледзь не забылася спытаць ці не пра самае галоўнае: у вас ёсць сям’я?
— Так. Муж і цудоўная дачушка Даша, якая ўжо вучыцца ў семым класе.
— Цяпер, калі я ведаю пра ваш радавод, здагадваюся, і дзе вы жывяце: гэта прыгожы ўтульны дом на вуліцы Савецкай, ля якога вельмі шмат кветак. Так?
— Правільна. Я вельмі люблю кветкі: і хатнія, і тыя, што растуць на дварэ. На жаль, не заўсёды хапае часу вырасціць усё, што хацелася б. І ўрокі, і я ж узначальваю прафсаюзную арганізацыю ў гімназіі. А гэта таксама справа няпростая.
— Інэса Уладзіміраўна, вы па тэлевізары сказалі, што вельмі ўдзячны за перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе, за хрустальнага жураўля сваім вучням. Гэта было так кранаюча, калі настаўнік дзякуе вучням за свае поспехі…
— Так яно і ёсць. Яны мае жураўлікі. Я іх усіх вельмі люблю і так хачу, каб былі шчаслівыя і каб кожны знайшоў у жыцці свайго крышталёвага жураўля.
Леанарда Юргілевіч, Дзятлаўскі раён





