Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», 10 кастрычніка атрымаў папярэджанне крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ленінскага РУУС Мінска за ўдзел у Народным сходзе, які адбыўся 8 кастрычніка ў сталіцы і шэрагу іншых беларускіх гарадоў.

Як паведаміў Някляеў БелаПАН, 8 кастрычніка супрацоўнікі праваахоўных органаў да яго прыходзілі тройчы: пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаванай акцыі яго папярэдзілі перад сходам, адразу пасля мерапрыемства і ўвечары. Падчас аднаго з візітаў палітыку ўручылі позву, згодна якой ён мусіў прыйсці ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю ў панядзелак, 10 кастрычніка, а 12-й гадзіне.

«Я сёння ў іх з’явіўся, і яны мне ўручылі афіцыйнае папярэджанне, — паведаміў Някляеў. — Тым самым яны папоўнілі тэчку, якую яны збіраюць у суд. Гэтая інспекцыя, відавочна, робіць усё пад ціскам іншай „інспекцыі“, бо па іх тварах было бачна, што яны самі не хацелі да мяне прыходзіць, выпісваць папярэджанне».

У папярэджанні інспекцыі зазначаецца, што Някляеў парушыў заканадаўства і пры паўторным парушэнні яго справа будзе накіравана ў суд. Экс-кандыдат адзначыў, што на дакуменце ён напісаў, што не згодны з папярэджаннем, што «прысуд незаконны» і ён яго «не прымае».

Палітык сказаў, што ён адзіны з былых зняволеных атрымаў папярэджанне за ўдзел у сходзе. «Я не ведаю, чаму гэта так», — сказаў ён, дадаўшы, што, верагодна, «ёсць устаноўка».

3 кастрычніка лідару «Гавары праўду!» ужо выносілі афіцыйнае папярэджанне, звязанае з яго паездкай 27–30 верасня ў Варшаву на саміт Усходняга партнёрства. Згодна з рашэннем суда, Някляеву забаронена выязджаць за мяжу.

Нагадаем, 20 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Някляеў павінен рэгулярна адзначацца ў міліцыі, вяртацца дадому не пазней за 22.00, інфармаваць міліцыю пра свае паездкі.

9 верасня суд Ленінскага раёна Мінска наклаў на асуджанага палітыка дадатковыя абмежаванні пры адбыцці пакарання. Някляеву, у прыватнасці, забаронена выступаць арганізатарам або ўдзельнікам масавых шэсцяў, дэманстрацый, пікетаў і іншых масавых мерапрыемстваў; ён не можа выязджаць за межы Мінска без пісьмовага дазволу праваахоўных органаў і пакідаць межы Беларусі да заканчэння тэрміну пакарання. Палітыку таксама прадпісана рэгістравацца ў праваахоўных органах па месцы жыхарства раз на тыдзень і знаходзіцца дома штодня з 20.00 да 6.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?