У Беларусі пра яго гавораць няшмат, а вось прэзідэнт Абама назваў яго чалавекам, які змяніў свет.

Гэта ў галаве Стыва Джобса нарадзіўся дызайн і функцыі персанальнага камп’ютара, без якога нельга ўявіць наша жыццё. А пасля каманда Джобса прыдумала айфон і айпад, якія — гэта ўжо відавочна — стануць неад’емнай прыладай гэтага дзесяцігоддзя.
Сярэдні беларус пакуль занадта бедны, каб купляць іх. Але хутка яны зробяцца даступнымі і для нашага кашалька.

Унікальны менеджарскі талент Джобса ўсе прызнавалі яшчэ пры жыцці.

Ён спалучаў уменні арганізаваць калектыў, адчуваць патрэбы спажыўца і прадбачыць наватарскія тэхналагічныя рашэнні. У той жа час гэта быў жорсткі, патрабавальны дырэктар.

Мог і аслом назваць

Пра аўтарытарны стыль кіравання Джобса хадзілі легенды. Калі яму не падабалася ідэя супрацоўніка, ён мог назваць таго і аслом.
Ён зацята ваяваў супраць «ворагаў»: Microsoft, Google і Amazon… Ён патрабаваў ад супрацоўнікаў захавання строгай сакрэтнасці, якая, на яго думку, выклікала большую цікавасць да новых прадуктаў кампаніі. Навіна пра яго смерць прыйшла на наступны дзень пасля прэзентацыі найноўшай прылады Apple — iPhone 4S. Прэзентацыі, якая прайшла без яго.

Сірата пры жывых бацьках

Лёс не быў літасцівым да Джобса. Не толькі рак у росквіце гадоў: ягонае дзяцінства таксама было несправядлівым да маленькага Стыва (па-нашаму — Стафана).

Ён сын белай амерыканкі і сірыйскага студэнта. Аднак бацькі адмовіліся ад яго.
Юная мама пастанавіла аддаць будучае дзіця людзям яшчэ ў час цяжарнасці. Яна выехала ў другі горад, каб ніхто не бачыў яе жывата. Калі Стыў 24 лютага 1955 года нарадзіўся, сацыяльныя службы перадалі сына сямейнай пары з Каліфорніі. Там ён і вырас.
Са сваёй біялагічнай маці ён сустрэўся толькі калі стаў ужо багатым чалавекам.

Не скончыўшы нават каледжа, ён разам са сваім cябрам Стывам Вознякам заснаваў Apple Computer Inc. У 1977 годзе выйшаў Apple II, адносна недарагі камп’ютар, прызначаны для масавага рынку. Ён стаў адным з першых камерцыйна паспяховых ПК, які імгненна зрабіў Джобса мультымільянерам.

Важнасць формы

Ужо тады Джобс аддаваў шмат увагі дэталям дызайну. Брус Таньяціні, былы эксперт кампаніі Apple, які прыйшоў туды ў 1978 годзе, аднойчы сказаў, што Джобс быў непахісны ў меркаванні, што на клавіятуры не мусіць быць клавішаў «уверх», «уніз», «управа», і «ўлева», якія дазваляюць карыстальнікам перамяшчаць курсор па экранах камп’ютараў.

Апантанасць эстэтыкай Джобса часам даходзіла да крайнасці.

Джордж Кроў, інжынер кампаніі Apple ў 1980-х і ад 1998 да 2005, успамінае, як Джобс хацеў зрабіць камп’ютар прывабным нават усярэдзіне. На арыгінальных ПК Macintosh Джобс хацеў зрабіць унутраныя драты колераў вясёлкі, але яго адгаварылі ад «лішніх выдаткаў».

Джобс стварыў NeXT Inc, кампанію, якая ў 1988 годзе выпусціла чорны настольны камп’ютар з палепшаным праграмным забеспячэннем. Яго мінусамі былі высокая цана і некаторыя праектныя рашэнні, але яго аперацыйная сістэма стала асновай для OS X, праграмнага забеспячэння сённяшніх «Макаў» пасля продажу яго NeXT’а за $400 млн у снежні 1996.

Прадбачлівасць цаной 7,4 мільярда

У 1986 годзе, выкарыстаўшы сваю долю ў Apple, Джобс заплаціў рэжысёру Джорджу Лукасу 10 мільёнаў даляраў і набыў аддзел камп’ютарнай графікі Lucasfilm Ltd. Кампанія Pixar Animation Studios, якая ўтварылася ў выніку гэтай угоды, занялася стварэннем шэрагу камп’ютарных анімацыйных папулярных фільмаў, такіх як «Гісторыя цацак».

Джобс прадаў Pixar Дыснею ў 2006 годзе за 7,4 млрд даляраў. У 74 разы даражэй!

У час адсутнасці Джобса Apple пачала цярпець няўдачы: камп’ютары, што выкарыстоўвалі мікрасхемы Intel і праграмнае забяспечанне Microsoft, заваёўвалі рынак. Да 1997 года Apple панесла страты амаль на 2 млрд даляраў за два гады.

Часовы гендырэктар

У снежні 2006 да ўлады пад тытулам «часовы генеральны дырэктар», які застанецца пасля нязменным, вярнуўся Джобс.

У якасці заробку Джобс папрасіў 1 даляр у год і правы на акцыі Apple.

Ён знішчыў партатыўны камп’ютар Newton і палепшыў мадэлі Мас, засяродзіўшыся на іх прыдатнасці для рынку. У маі 1998 года ён прадставіў iMac, надзвычай цэльны камп’ютар з каляровым празрыстым корпусам. Apple пачала рэкламную кампанію пад слоганам «Думай іначай» з выкарыстаннем фатаграфій творчых асоб, у тым ліку Альберта Эйнштэйна і Джыма Хенсана, стваральніка «Мапет-шоу».

Праз некалькі месяцаў пасля свайго прыходу да ўлады Джобс замяніў чатырох з пяці топ-менеджараў.

Ён распаўсюдзіў электронныя лісты, якія забаранялі супрацоўнікам прыводзіць у офіс сабак і катоў і курыць нават на паркоўках.
Ён прыгразіў звольніць любога, хто «зліе» карпаратыўныя сакрэты.

Рак у 49 гадоў

Падчас другога перыяду кіравання Джобса Apple зноў сутыкаецца з праблемамі. Напрыклад, Macintosh у форме куба, якому не ўдалося заваяваць папулярнасць і які ў 2001 годзе быў перапрацаваны. У выніку Apple ў 2000 і 2001 гадах несла страты. Але наперадзе былі перамогі.

У 2001 годзе кампанія Apple прадставіла iPod, якія замянілі лічбавыя музычныя плэеры.
Apple дагэтуль мае больш за 70% долі гэтага рынку. Ключавой перамогай была прэзентацыя ў 2003 годзе iTunes Music Store. Джобс здолеў пераканаць буйныя гуказапісвальныя кампаніі прадаць яму свае запісы па 99 цэнтаў кожны. Крама, што прадала больш за 16 мільярдаў песняў, натхніла людзей купляць iPod’ы, бо амаль за ўвесь час свайго існавання песні з крамы iTunes можна было загружаць толькі на музычны плэер Apple.
У 2004 годзе ў Джобса выявілі рак падстраўнікавай залозы.
Ён упершыню даведаўся пра пухліну падчас звычайнага ўльтрагукавога абследавання брушной поласці за дзевяць месяцаў да гэтага.

Апошняя перамога

Тым не менш, ужо хворы, у чэрвені 2007 года Джобс дабіўся яшчэ адной перамогі, калі Apple прадставіла iPhone.
Нягледзячы на скептыцызм адносна здольнасці Apple прыйсці на рынак, ужо заняты тэхнікай BlackBerry вытворчасці Research in Motion Ltd., Apple прабілася і прадала 92 млн iPhone’аў па стане на снежань 2010 года.
У мінулым годзе Джобс прадставіў новы модны гаджэт — планшэтны камп’ютар iPad.
Іх было прададзена больш за 29 млн. Джобс аддаваў яго распрацоўцы і пошуку механізма для рэкламы ўсю сваю энергію, хоць перад гэтым яму зрабілі перасадку печані.

Тыя, хто ведаў Джобса, лічаць адной з прычынаў поспеху яго інавацыйных праектаў тое, што

ён не спыняўся на дасягнутым і патрабаваў, каб супрацоўнікі рабілі тое ж самае.
«Ніколі не спыняцца на дасягнутым», — у гэтым прынцыпе ён быў тыповым амерыканцам.
«Я не ведаю лепшага спосабу, як пазбегнуць пасткі — думкі, што час можна і губляць, акрамя як трымаць у галаве, што наша жыццё кароткае», —
сказаў Джобс у пачатку сваёй прамовы ў Стэндфардскім універсітэце ў чэрвені 2005 года, прыкладна праз год пасля таго, як у яго выявілі рак.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру