Еўрасаюз зараз не гатовы разглядаць пытанне аб аднаўленні дыялогу з Беларуссю. Такую заяву зрабіла ў Люксембургу 10 кастрычніка вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

«На гэтай стадыі мы не гатовы разглядаць аднаўленне дыялогу, пакуль не ўбачым — і гэта было ясна агучана, — што ўсе палітычныя зняволеныя вызвалены і рэабілітаваны», — сказала Эштан на прэс-канферэнцыі, што транслявалася праз сайт Савета ЕС.

«Я сапраўды спадзяюся, што ўбачанае намі нядаўна з’яўляецца станоўчым знакам

і што зараз беларускія ўлады гатовы выпусціць і рэабілітаваць астатніх вязняў, якія маглі рухацца далей.
Калі б яны так зрабілі, мы б, вядома, маглі ўзаемадзейнічаць», — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС.

Эштан таксама зазначыла, што важным складнікам палітыкі ЕС з’яўляецца ўзаемадзеянне з беларускай грамадзянскай супольнасцю, і аддала належнае еўракамісару па пытання знешняй палітыкі і палітыкі суседства Штэфану Фюле за яго працу.

Савет Еўрасаюза 10 кастрычніка ў Люксембургу прыняў рашэнне дапоўніць 16 прозвішчамі спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЕС і чые актывы на яго тэрыторыі ў выпадку выяўлення павінны быць замарожаны. Абмежавальныя меры тычацца тых, хто, на думку міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза, адказны за «рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ ў Беларусі», зазначаецца ў камюніке Савета ЕС.

Санкцыі ў дачыненні да беларускіх улад Савет ЕС увёў у студзені 2011 года ў адказ на жорсткі разгон дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску. Зараз у спісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, больш як сто прозвішчаў. Чакаецца, што рашэнне савета і імёны 16 закранутых ім беларускіх чыноўнікаў будуць апублікаваны 11 кастрычніка ў афіцыйным часопісе Еўрасаюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?