Былая вядучая тэлеканала «Белсат» Вольга Швед апублікавала ў сваім блогу копію ліста, накіраванага Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў асабіста Генпракурору 14 чэрвеня. Ліст падпісаны шэфам КДБ Вадзімам Зайцавым і мае грыф «Для службовага карыстання». У ім КДБ «прапануе» Пракуратуры распачаць крымінальную справу па факце акцыі «Стоп-бензін» 7 чэрвеня.
Таксама спецслужба патрабавала ад Пракуратуры дапытаць у якасці падазраванага аднаго з ініцыятараў Стоп-бензіну Арцёма Шаркова і выступіць з пагрозлівымі заявамі ў СМІ, каб застрашыць патэнцыйных удзельнікаў будучых пратэстаў.

Акцыя Стоп-бензін была адным з самых масавых за апошні час выступаў супраць эканамічнай палітыкі ўладаў. Яна мела напаўстыхійны характар. У дзень рэзкага павышэння цэнаў на паліва сотні кіроўцаў блакавалі праспект Незалежнасці, што разбурыла прапагандысцкія схемы лукашэнкаўцаў і вымусіла іх прыпыніць рост цэн. Натуральна, акцыя была выключна мірнай.

Імаверна, на момант падпісання ліста КДБ не ведаў, хто арганізуе Маўклівыя пратэсты і Стоп-бензін, не ведаў ролі Вячаслава Дыянава — палітэмігранта, які перабывае ў Польшчы.

У лісце галоўным завадатарам акцый называецца іншы палітуцякач з Беларусі, Ігар Коктыш, які жыве ва Украіне.

З ліста Зайцава вынікае, што КДБ успрымала Маўклівыя акцыі і Стоп-бензін як значную пагрозу, дапускала, што яны могуць разгортвацца па нарастаючай і ацэньвала патэнцыйную колькасць удзельнікаў у 6000 асоб.

КДБ грунтавала свае высновы на аналізе інтэрнэт-супольнасцяў у Вконтакте.

Вольга Швед нічога не піша пра крыніцу, з якой атрымала дакумент.

З апублікаванага ліста вынікае асаблівая роля шэфа КДБ Вадзіма Зайцава.
Ён патрабаваў палітычнай крымінальнай справы ў сітуацыі, калі ніякіх небяспечных для грамадства дзеянняў не адбылося.

Раней некаторыя назіральнікі акурат з ягонай асобай звязвалі жорсткае абыходжанне з палітвязнямі ў турме КДБ. Праваабаронцы і пацярпелыя палітвязні ахарактарызавалі тыя прыёмы як катаванні. Адпаведныя сведчанні дакументаваліся для патэнцыйнай перадачы ў міжнародныя судовыя інстанцыі. Акрамя таго, на час кіравання Зайцава прыпадаюць спробы вярбоўкі з дапамогай шантажу важных удзельнікаў мінулай прэзідэнцкай кампаніі — гэта публічна выкрылі экс-кандыдат Алесь Міхалевіч і кіраўнік штаба самага папулярнага з апазіцыйных кандыдатаў, Андрэя Саннікава.

47-гадовы Зайцаў нарадзіўся ва Украіне. Палітолагі лічаць яго чалавекам, блізкім да старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, Віктара.

КДБ з дзяржаўнай спецслужбы ператварыўся ў спецслужбу адной палітычнай групы яшчэ да прыходу Зайцава. Аднак з ягоным перыядам можна звязаць выкарыстанне Камітэтам метадаў, да якіх ён раней не апускаўся.
Як вядома, пракуратура крымінальнай справы па «Стоп-бензіне» і Маўклівых пратэстах не распачала.
Сапраўды, угледзець склад злачынства ў тых акцыях юрысту было немагчыма.
Не выключана, што гэтае «законніцтва» Васілевіча і каштавала яму крэсла.
Аляксандр Лукашэнка вызваліў Рыгора Васілевіча ад пасады Генеральнага пракурора ў верасні, прычым на сустрэчы з новапрызначаным генпракурорам даў таму двухсэнсоўнае тлумачэнне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?