Расійскае ЗАТ «Атамбудэкспарт» і беларуская дзяржаўная ўстанова «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» 11 верасня ў Кранштаце (Расія) падпісалі кантрактнае пагадненне па ўзвядзенні першай чаргі АЭС на тэрыторыі Беларусі.

Пагадненне вызначае асноўныя палажэнні генеральнага кантракта на будаўніцтва пад ключ двух энергаблокаў АЭС агульнай магутнасцю да 2.400 МВт з рэактарнай устаноўкі В-491. Прадугледжана, што беларуская АЭС будзе ўзводзіцца на ўмовах поўнай адказнасці генеральнага падрадчыка.

Для будаўніцтва першай беларускай АЭС выбраны праект «АЭС-2006» ААТ «Санкт-Пецярбургскі Атамэнергапраект». Для размяшчэння атамнай станцыі выбрана Астравецкая пляцоўка ў Гродзенскай вобласці.

Першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў строй у 2017 годзе, другі блок — у 2018 годзе.

Як растлумачыла РІА Новости крыніца ў кампаніі «Атамбудэкспарт», кантрактнае пагадненне — гэта рамачны дакумент, які вызначае структуру, «касцяк» наступных дагавораў і кантрактаў. Што да перамоў аб выдзяленні Расіяй дзяржкрэдыту на будаўніцтва АЭС, то яны працягваюцца, дапоўніў прадстаўнік кампаніі.

Раней у Мінску заяўлялі, што Беларусь разлічвае атрымаць ад Расіі пад будаўніцтва АЭС крэдыт у памеры не менш як 7 млрд. долараў.

3 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк адзначыў: «Што да фінансавання праекта, то ў высокай ступені гатоўнасці крэдытнае пагадненне аб выдзяленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Пасля завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдур, як у РФ, так і ў РБ, мы ўпэўнены, яно будзе падпісана».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?