Магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Крысціна Шацікава вечарам 10 кастрычніка наведалі шклоўскую калонію, дзе знаходзіцца былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Іх прыняў начальнік калоніі Сяргей Ермаліцкі, які запэўніў, што са Статкевічам усё ў парадку.

Нагадаем, раней паведамлялася, што палітык траўмаваў на лесапілцы руку і не можа працаваць. Паведамлялася таксама, што яму выдзелілі спальнае месца на другім ярусе, куды ён не можа забрацца з-за траўмаванай рукі.

Як адзначыла Шацікава, Ермаліцкі быў настроены «дастаткова агрэсіўна».

«Дзяжурны калоніі нам сказаў, што Статкевіч працуе як чорнарабочы нават з адной рукой, а другая крыху баліць.
І ён можа ляжаць у бальніцы, але там холадна, і адзіны варыянт не замярзаць, гэта што-небудзь рабіць. А начальнік калоніі сказаў, што ўсё ў Статкевіча нармальна, ён працуе абедзвюма рукамі», — расказала праваабаронца.

Паводле яе слоў, Ермаліцкі адмовіўся прыняць літаратуру для турэмнай бібліятэкі. «На прапанову правесці культурнае мерапрыемства ён сказаў, што ў іх вельмі часта праводзяцца такога роду мерапрыемствы», — дадала Шацікава.

Акрамя таго, яна паведаміла, што Ермаліцкі паабяцаў даць пісьмовы адказ, куды і на каго была перанакіравана падпіска на прэсу, на якую да снежня гэтага года былі падпісаны палітзняволеныя, раней вызваленыя са шклоўскай калоніі.

Паводле слоў Барыса Бухеля, начальнік калоніі адмовіўся пагутарыць з незалежным карэспандэнтам Алесем Асіпцовым, які прыехаў разам з праваабаронцамі, заявіўшы, «што ў яго ёсць свае журналісты». «Ён таксама сказаў, што Статкевіч спіць на ніжнім ярусе і на верхні яго ніхто не заганяў. Хаця і грамадзянская жонка Статкевіча і яго адвакат гаварылі, што яго хацелі вызначыць на верхні», — адзначыў Бухель.

Нагадаем, 11 кастрычніка апублікаваны пашыраны спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза. У яго ўключаны і начальнік шклоўскай калоніі Сяргей Ермаліцкі як «адказны за бесчалавечнае абыходжанне з асуджаным экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?