На судовым працэсе па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва 11 кастрычніка сведкі — пацярпелыя ад выбуху ў Віцебску ў 2005 годзе — заявілі, што ў міліцыі спачатку не верылі ў паведамленні аб выбуху і на месцы злачынства дзейнічалі марадзёры.

У прыватнасці, як расказаў Ігар Фядосенка (ён атрымаў раненні падчас выбуху 14 верасня 2005 года на прыпынку каля Летняга амфітэатра ў абласным цэнтры), жанчына, што аказвала яму першую дапамогу, спрабавала выклікаць міліцыю. «У міліцыі не паверылі, сталі лаяцца», — сказаў Фядосенка. Пасля гэтага жанчына выклікала хуткую дапамогу.

Прычынены яму на той момант матэрыяльны ўрон Фядосенка ацаніў у 200 тысяч рублёў. Віцебскі гарвыканкам выплаціў гэтыя грошы, таму цяпер пацярпелы матэрыяльных прэтэнзій не мае.

Акрамя Фядосенкі ў выніку выбуху пацярпела яшчэ адна жанчына.

Пра факт марадзёрства падчас другога выбуху ў Віцебску, 22 верасня 2005 года, у судзе паведаміла пацярпелая Юлія Чаркоўская, якая атрымала скразное асколачнае раненне. Паводле слоў Чаркоўскай, нейкія хлопцы падхапілі яе пад рукі, яна перадала сваю сумку сяброўцы, і ў гэты момант сумку спрабаваў хтосьці ўкрасці. Матэрыяльны ўрон з улікам цяперашніх цэн сведка ацаніла прыкладна ў мільён рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?