Плануецца, што ў Беларусі паслуга экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) будзе аказвацца толькі жанчынам, якія знаходзяцца ў афіцыйным шлюбе.
Пра гэта паведаміла ўрач аддзялення планавання сям’і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій РНПЦ «Маці і дзіця» Ларыса Граковіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 12 кастрычніка.

Гэта прадугледжана законапраектам «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх прымяненні». Дакумент знаходзіцца ў парламенце, яго плануецца прыняць у другім чытанні на восеньскай сесіі.

Граковіч адзначыла, што як урач лічыць гэту норму ў законапраекце апраўданай. «Мы павінны думаць не толькі аб жаданні жанчыны мець дзіця, але і аб праве гэтага дзіця расці ў сям’і, дзе ёсць маці і бацька.

Калі мы ведаем, што ў дзіцяці не будзе поўнай сям’і, гэта, на мой погляд, няправільна»,
 — сказала яна.

Спецыяліст падкрэсліла, што ў выпадку калі жанчына зацяжарвае самастойна, гэта яе асабістая справа — мець дзіця ў шлюбе або не. Калі ж для з’яўлення дзіцяці на свет задзейнічаны рэпрадуктыўныя тэхналогіі, «неабходна быць на варце поўнай сям’і».

Граковіч паведаміла, што зараз падчас ЭКА ў матку пераносяць два або тры эмбрыёны (паводле жадання жанчыны або згодна з медыцынскімі паказаннямі). Законапраект аб рэпрадуктыўных тэхналогіях прадугледжвае ўжыўленне падчас ЭКА не больш як двух эмбрыёнаў. Сутнасць праблемы ў тым, што нярэдка «ў выніку ЭКА ўзнікае шматплодная цяжарнасць, якая часта мае ўскладненні».

Урач падкрэсліла, што эфектыўнасць праграм экстракарпаральнага апладнення ў РНПЦ «Маці і дзіця» супастаўная з сярэднесусветнымі паказчыкамі. Паводле яе слоў, за чатыры гады ў РНПЦ «Маці і дзіця» было рэалізавана 1,5 тыс. праграм ЭКА, у выніку чаго нарадзіліся 600 дзяцей. Такім чынам, поспех дасягае 30–40%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?