У кожным абласным цэнтры Беларусі плануецца стварыць дзяржаўныя рэабілітацыйныя аддзяленні для людзей, якія пакутуюць на алкагалізм, паведаміў загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук.

Паводле яго слоў, дзяржаўныя рэабілітацыйныя аддзяленні пачалі адкрывацца ў Беларусі ў апошнія гады, пакуль іх не ўдалося стварыць у Брэсце і Магілёве.

Праграма па рэабілітацыі разлічана на месяц. Як паведаміў спецыяліст, на першым этапе ў алкаголіка здымаецца запой, затым «вядзецца праца па стварэнні непераноснасці алкаголю». Задача праграмы, зазначыў Максімчук, — «дапамагчы хвораму на алкагалізм жыць цвяроза сярод тых, хто п’е», здолець адаптавацца да атачэння. У аддзяленнях вялікая ўвага надаецца псіхатэрапеўтычным і псіхалагічным прыёмам лячэння. Апрача таго, да працы з хворымі па магчымасці прыцягваюцца людзі, якія маюць хімчную залежнасць ад алкаголю або наркотыкаў, але ўстрымліваюцца ад злоўжыванняў дастаткова працяглы тэрмін. Вялікая ўвага надаецца працы з сям’ёй: часта нават пры лячэнні сваякі працягваюць бачыць у чалавеку «п’яніцу, які нарабіў шмат бедаў», ім неабходна растлумачыць, што імкненне хворага быць цвярозым варта падтрымаць.

Як зазначыў Максімчук, у перспектыве плануецца больш актыўна ўцягваць у працу па лячэнні і прафілактыцы алкагалізу адпаведныя грамадскія арганізацыі, якіх у Беларусі каля 30. Апрача таго, пры жаданні хворы можа звярнуцца ў прыватныя цэнтры. Некаторыя з іх прапаноўваюць працяглую праграму рэабілітацыі, разлічаную на год-паўтара.

Як зазначыў спецыяліст, злоўжываннем лічыцца спажыванне спіртных напояў ад пяці разоў у месяц і часцей. Па дапамогу да спецыялістаў таксама варта звяртацца, калі ў сувязі з ужываннем алкаголю ў чалавека змяніліся паводзіны: ён стаў няўважлівым, неабавязковым, ілжывым і гэтак далей.

Максімчук падкрэсліў, што галоўнай умовай паспяховага лячэння з’яўляецца гатоўнасць да яго пацыента, усведамленне ім праблемы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?