З Новага году не стане найстарэйшага беларускамоўнага часопіса для падлеткаў «Бярозка», які выходзіць з 1926 года і ў якім пачыналі ці нея ўсе вядомыя беларускія літаратары. «Бярозка» страціць сваю вокладку і будзе дадаткам да часопіса «Маладосць».
Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» Рагнед Малахоўскі кажа:

«Тлумачаць крызісам, але хто яго ведае, што там на самой справе… Пакуль я рыхтую тры апошнія нумары. Мяркую, гэта ўсё з-за таго, што холдынг, агульны кацёл. Грошы, калі яны ёсць, дзеляцца на тых, каму трэба. Не ведаю, што будзе з „Бярозкай“ далей, але калі яна не захавае сваёй вокладкі, гэта будзе ўжо бяда… Мінулы нумар быў тысячны, юбілейны, гэта ўжо вялікая гісторыя. І людзі вядомыя працавалі і публікаваліся. Нягледзячы на ўсю „савецкасць“, „Бярозка“ была сапраўды цікавая».

Намесніца галоўнага рэдактара холдынгу «Літаратура і мастацтва», якая назвалася Наталляй Ільінічнай, пацвердзіла, што «Бярозка» стане дадаткам да «Маладосці»:

«Так і будзе. Звязана гэта з маленькай падпіскай на „Бярозку“ — наклад у яе невялікі. Яна не зьнікне і стане не тое што дадаткам — два часопісы будуць выходзіць пад адной вокладкай. То бок застанецца пасведчанне аб рэгістрацыі. Кожны месяц у часопісе „Маладосць“ будзе тая ж самая колькасьць старонак. Аўтары нават і пераклікаюцца — у „Маладосці“ і „Бярозцы“. Таму, я думаю, мы тут не парушаем нейкіх этычных нормаў».

Нагадаем, што пры канцы верасня было прынята рашэнне дзіцячую беларускамоўную газэту «Раніца» зрабіць дадаткам да газеты «Переходный возраст».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?