Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік, выступаючы 21 кастрычніка на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

Ён падкрэсліў, што больш як чвэрць выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі звязаныя з алкагольным або наркатычным ап’яненнем прама або апасродкавана.

Апрача таго, паводле яго слоў, з пачатку года затрымана больш як 30 тысяч нецвярозых вадзіцеляў; кожны дзясяты з іх сеў за руль у стане алкагольнага ап’янення паўторна.

«Неабходна на заканадаўчым узроўні забяспечыць кампенсацыю ўсіх затрат на лячэнне хвароб, звязаных са злоўжываннем алкаголем, за кошт саміх п’яных, — сказаў Тозік. — А ў вадзіцеляў, затрыманых п’янымі за рулём, павінны забірацца вадзіцельскія правы пажыццёва, аўтамабіль — канфіскоўвацца ў даход дзяржавы незалежна ад таго, каму належыць — самому вадзіцелю, яго сваяку ці сябру».

Паводле яго слоў, у хуткім часе на разгляд Палаты прадстаўнікоў плануецца ўнесці законапраект, у якім будуць выкладзены новыя метады барацьбы з п’янствам.

У сваю чаргу дэпутат Уладзімір Здановіч прапанаваў таксама ўвесці крымінальную адказнасць за продаж спіртнога непаўналетнім. «І не толькі ў дачыненні да прадаўцоў, але і тых «добразычліўцаў», якія непаўналетнім у гэтым дапамагаюць», — удакладніў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?