«Камбайнёры, трактарысты, грузчыкі кавунных фур — не з’яўляюцца марай гламурных дур», — пяе акцёр піцерскага тэатру «Буф» Ігар Расцяраеў. Гэту песню ён напісаў і выканаў пад акампанемент гармоніка на сяброўскай вечарыне, прысвяціўшы яе знаёмаму камбайнёру. Нехта з прысутных гасцей зняў гэта на мабільны тэлефон ды выклаў відэаролік у Інтэрнэт.

Напачатку відэа не выклікала інтарэс у інтэрнэт-аўдыторыі. Аднак у жніўні 2010 года, праз паўгады пасля з’яўлення роліка ў сусветным павуцінні, колькасць праглядаў на Ю-Тубе за 4 дні ўзрасла з 600 да 300 000! Чаму адбыўся такі ўсплёск папулярнасці менавіта ў той час — дагэтуль не вядома.

На сённяшні дзень «Камбайнёраў» Расцяраева прагледзелі амаль 3 мільёны чалавек, а ўсе яго відэаролікі, узятыя разам (сярод якіх «Руская дарога», «Казачая песня» і «Георгіеўская стужка») — 10 мільёнаў.

У сваіх песнях Расцяраеў, з аднаго боку, усхваляе працаўнікоў сяла, з іншага — гаворыць пра праблему співання вёскі (напрыклад, песня «Рамонкі», прысвечаная заўчасна памерлым сябрам-алкаголікам). Пяе пра Сусаніна, казакоў, салдат Вялікай Айчыннай вайны і пра Афган.

Аднак сярод іншага,

у тэкстах узгадваюцца «ворагі Расіі» — «с…чка Кандаліза Райз» (цытата) ды НАТА.

Чым можна патлумачыць інтарэс да песень, у якіх гаворыцца пра тых, хто «у сушы-барах не бываюць» ды «ў салярыі не загараюць», а «выпіўшы C2H5OH, сядаюць на „Россельмаш“ ды „ўкалываюць“ на полі, пакарміўшы перад гэтым парасят?

„На працягу нулявых панавалі „гламурныя стандарты“: капітал, улада грошай, шыкарнае жыццё, глянцавыя часопісы… Артысты, якія спрабавалі падымаць грамадзянскія тэмы і рабіць сацыяльна важныя заявы, з гэтага напрамку выпадалі, СМІ ігнаравалі іх меседжы.

Зараз усё мяняецца. Гэта — здаровая тэндэнцыя, тым больш для краіны, дзе гламурнасць — удзел надзвычай малога парцэнту людзей. 3–5% могуць сапраўды гэта сабе дазволіць. Астатнія вымушаныя нейкім чынам у гэта гуляць. Гуляць у забяспечанасць масам надаела“,

— выказаў сваю думку Аляксандр „Чача“ Іваноў, лідэр гурту „Наів“ (дарэчы, занесенага ў беларускі „чорны спіс“) у інтэрв’ю парталу „Взгляд“.

Таму з’яўленне Ігара Расцяраева можна лічыць своечасовым.

Некаторыя параўноўваюць яго з Высоцкім ці нават з Ясеніным, а на шматлікіх форумах, прысвечаных яго творчасці, нават з’яўляліся заявы кшталту „Расцяраева — у прэзідэнты!“
. Найбольш часта творчасць піцерскага акцёра характарызуюць словам шчырасць.

У ліпені гэтага года Ігар Расцяраеў атрымаў незалежную музычную прэмію „Стэпавы воўк“ у намінацыі „Нешта“ (гэтая прэмія дасталася таксама рэперу Нойз МС і „Ляпісу Трубяцкому“). Выступаў на галоўнай сцэне рок-фестывалю"Нашэсце».

Сам артыст у нядаўнім інтэрв’ю радыё «Зеніт» кажа:

«Шмат хто нават з майго роднага тэатра шчыра здзіўляецца, што я ленінградзец. Яшчэ

раней усе падазравалі, што я „аднекуль-там“, нейкі механізатар, які выпадкова патрапіў у артысты».

Цікава, калі ж з’явяцца беларускія «расцяраевы», фанаты вёскі ды беларушчыны?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру