Паводле папярэдніх звестак, прычынай крушэння верталёта беларускай пагранслужбы паблізу мяжы Беларусі і Літвы была тэхнічная няспраўнасць. Пра гэта ў эфіры Першага канала паведаміў старшыня Дзяржпагранкамітэта Ігар Рачкоўскі.

Паводле яго слоў, на месца аварыі з Францыі 22 кастрычнік прыбылі прадстаўнікі кампаніі «Еўракоптар», якая вырабляе верталёты гэтай мадэлі, і фірмы «Турбамека», якая паставіла рухавікі для верталёта Ecureuil АS 355 NP.

У той жа дзень адбылася аператыўная нарада з удзелам дзяржкамісіі, Беларускай ваеннай пракуратуры і французскіх экспертаў.

«Хацелася б сказаць некалькі слоў, каб развеяць асобныя здагадкі», — адзначыў Рачкоўскі. Ён растлумачыў, што як на беларускім, так і на літоўскім баку былі сведкі, якія бачылі непасрэдна сам момант крушэння.

«Верталёт ішоў уздоўж лініі мяжы і пачаў круціцца вакол сваёй восі супраць гадзіннікавай стрэлкі: хутчэй, хутчэй і хутчэй… Пасля гэтага ўпаў. Папярэдне спецыялісты усе кажуць, што тут найбольш верагоднай прычынай можа быць страта шляхавага кіравання, гэта значыць тэхнічныя няспраўнасці ў шляхавым кіраванні… Гэта тое, што ўжо найбольш пацверджана», — сказаў Рачкоўскі.

«Еўракоптар» органаў пагранслужбы Беларусі са здымачнай групай ТРА «Саюз» на борце разбіўся 20 кастрычніка каля 15.45 у раёне вёскі Вілейты Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці прыкладна за кіламетр ад беларуска-літоўскай мяжы. Усяго на борце знаходзілася пяць чалавек: два члены экіпажу і тры прадстаўнікі ТРА «Саюз». Верталёт упаў і загарэўся. Усе, хто быў на борце, загінулі. «Еўракоптэр» выконваў планавы палёт па ахове дзяржаўнай мяжы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?