Партрэтныя скульптуры вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта і польскага караля Ягайлы змогуць убачыць мінчане і госці беларускай сталіцы ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Шырокай аўдыторыі фігуры будуць прадстаўлены з 25 кастрычніка па 3 лістапада.

Урачыстая прэзентацыя фігур князя Вітаўта і караля Ягайлы пройдзе ў музеі 24 кастрычніка. Праект рэалізаваны дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі Japan Tobacco International (JTI), адзначылі ў музеі.

Фігуры выкананыя ў поўны рост. Вобраз дзяржаўных дзеячаў адноўлены на падставе дбайнага вывучэння гістарычных крыніц і іканаграфіі. Пры партрэтным увасабленні і рэканструкцыі касцюмаў задачай мастакоў было максімальна наблізіцца да гістарычных рэалій. Вобраз Вітаўта адноўлены на аснове малюнка з асабістай пячаткі князя, мініяцюры пачатку XVI стагоддзя і гравюры з кнігі Гваньіні 1578-га. За аснову партрэта Ягайлы ўзятая выява з надмагілля караля, адзенне ўзноўленае па выяве з іконы «Пакланенне трох каралёў».

Партрэтныя скульптуры зрабілі сябры Беларускага саюза мастакоў Павел Лук і Юрый Піскун. Павел Лук стварыў шэраг скульптур на гістарычную тэматыку: «Эмілія Плятэр», «Кастусь Каліноўскі», «Францыск Скарына». Юрый Піскун працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. У апошнія гады мастак выканаў рэканструкцыю гістарычных касцюмаў для Мірскага і Нясвіжскага замкаў.

Фігуры Вітаўта і Ягайлы зоймуць ганаровае месца ў залах музея, прысвечаных сярэднявечнай гісторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?