Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык падаў 24 кастрычніка заяўку на пікет «Аб невыкананні Баранавіцкім гарвыканкамам, гарадскім судом і міліцыяй Закона РБ аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах».

Арганізатар хоча правесці пікет 12 лістапада, ад 14.00 да 15.00, у старым парку па вуліцы Камсамольскай. Меркаваная колькасць удзельнікаў — 15 чалавек.

Па словах Рыгора Грыка, ён хоча праінфармаваць жыхароў горада аб тым, што, на яго погляд, выканаўчая ўлада Баранавіч, гарадскі суд і міліцыя не выконваюць беларускае заканадаўства. У Баранавічах ужо асудзілі трох актывістаў, якія заклікалі прыйсці на Народны сход, а Віктара Мезяка, кіраўніка гарадской ініцыятыўнай групы Народнага схода, прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці двойчы. На думку Грыка, актывістаў судзяць не па законе аб Рэспубліканскіх і мясцовых сходах, які дазваляе праводзіць сходы без дазволу выканкамаў, а за парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах і пікетаваннях.

«Мне хочацца звярнуць увагу на гэтую супярэчнасць у заканадаўстве», — тлумачыць Рыгор Грык.

Нагадаем, што ад 10 ліпеня Баранавіцкі гарвыканкам не даў дазволу ні на адзін з больш дзесяці пікетаў, заяўкі на якія падавалі дзеячы апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?