Міністэрства юстыцыі прыпыніла дзеянне рашэнняў агульнага сходу членаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якое прайшло 22 кастрычніка.

Як паведамляе афіцыйны сайт ведамства, атрыманыя Міністэрствам юстыцыі «звароты ўказваюць, што пры правядзенні агульнага сходу членаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў дапушчаны шэраг парушэнняў асноўных патрабаванняў рэгламенту агульнага сходу, якія прадугледжваюць парадак яго правядзення і абрання старшыні калегіі адвакатаў».

«Улічваючы выкладзенае, на падставе артыкула 31 закона Рэспублікі Беларусь „Аб адвакатуры“ пастановай калегіі Міністэрства юстыцыі прыпынена дзеянне рашэнняў агульнага сходу членаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, прынятых 22 кастрычніка 2011 года. Зараз праводзіцца праверка», — заяўляюць у Мінюсце.

Раней удзельніца агульнага сходу Дар’я Ліпкіна паведаміла, што на ім першым пытаннем абмяркоўвалася заява былога старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі аб спыненні паўнамоцтваў на гэтай пасадзе. «Заява была задаволена, і паўнамоцтвы спынены», — зазначыла яна. Другім пытаннем абмяркоўвалася дакладная запіска Мінюста аб датэрміновым вызваленні Пыльчанкі з пасады старшыні, якая была прынята да ведама. Паводле слоў Ліпкінай, пасля гэтага прайшлі выбары новага старшыні. Ім быў абраны Андрэй Санковіч.

Варта зазначыць, што Санковіч абараняў у судзе фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Мінску Дзмітрыя Новіка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?