Тарыфы на электраэнергію для металургічнай галіны ў Расіі аказаліся вышэйшымі, чым у ЗША.
Пра гэта паведамляе «РБК daily» са спасылкай на інвестыцыйную праграму групы Evraz, якая мае актывы і ў Расіі, і ў Амерыцы.

Так, паводле дадзеных кампаніі, у першым паўгоддзі 2011 года прадпрыемствы Evraz плацілі за кілават у Расіі 6 цэнтаў, у той час як у Амерыцы электрычнасць для групы каштавала толькі 5,3 цэнта (на 12% менш). У ПАР кілават электрычнасці абыходзіўся кампаніі ў 5,7 цэнта, а ва Украіне — 8,7. У Еўропе электраэнергія каштуе Evraz больш чым у два разы даражэй, чым у Расіі: у Чэхіі група плаціць за кілават 13,2 цэнта, у Італіі — 15,2.

Цэны на газ для расійскіх сталявараў у Расіі пакуль ніжэйшыя, чым у ЗША. За тысячу кубаметраў расійскія прадпрыемствы плацяць 100 даляраў, у той час як у ЗША тысяча кубаметраў каштуе 178 даляраў. Але тэмпы росту цэнаў на газ у Расіі сведчаць пра тое, што хутка РФ дагоніць ЗША і па гэтым паказчыку. Так, калі за 2010 год цэны на газ у Расіі выраслі на 20%, у ЗША за гэты час яны ўпалі на 1,5%.

У 1990-я нізкі кошт энерганосьбітаў у Расіі разглядаўся ЗША як дэмпінг. У сувязі з гэтым ЗША неаднаразова патрабавалі ад РФ павысіць цэны на энерганосьбіты для вытворцаў сталі. Расія, каб задаволіць патрабаванні Амерыкі, увяла абмежаванне на экспарт сталі з краіны. Гэта прывяло да пераносу многімі расійскімі сталеліцейнымі кампаніямі часткі вытворчасцяў у Амерыку.

Цэны на электраэнергію ў Расіі пакуль кантралююцца дзяржавай, хоць у выніку рэформы энергетыкі цэнаўтварэнне мае перайсці на рынкавы механізм. У сярэдзіне 2011 года цана на электраэнергію ў Расіі заставалася адной з самых нізкіх сярод краін Еўропы. Так, у Германіі электраэнергія каштуе амаль у чатыры разы больш, а ў Даніі — у пяць разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?