Аляксандр Лукашэнка ў найбліжэйшы час сур’ёзна зоймецца камерцыйнымі банкамі ў Беларусі з замежным, у тым ліку расійскім, капіталам.
Аб гэтым заявіў ён сёння на сустрэчы са старшынём праўлення ААТ «Банк ВТБ» Андрэем Косціным, паведамляе БелТА.
Лукашэнка падкрэсліў, што цяперашняя сітуацыя — гэта лакмусавая паперка ва ўзаемаадносінах з банкамі, у тым ліку расійскімі і замежнымі. Ён зазначыў, што Банк ВТБ годна сябе паводзіць і нямала зрабіў. У прыватнасці, ён дапамагае беларускім прадпрыемствам у крэдытаванні і аказвае дапамогу іншым банкам рэсурсамі.
«У сувязі з узніклымі цяжкасцямі на валютным рынку — мы не гаворым пра іх прычыны, вы іх ведаеце лепш — я сказаў старшыні Нацыянальнага банка, каб яна бліжэй трымалася да камерцыйных банкаў, цікавілася іх працай. І не толькі карэктавала, але і накіроўвала іх дзейнасць, каб не было расхлябанасці ў краіне»,— адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што рана ці позна праблемы і цяжкія перыяды скончацца, наступіць больш спакойны перыяд. «І вось тады мы павінны больш увагі надаваць тым, хто нам увагу надаваў у цяжкі перыяд», — сказаў ён.
«Мы сур’ёзна зоймемся камерцыйнымі банкамі і вельмі акуратна, рынкавым чынам паспрабуем ўсё такі павярнуць банкі тварам да дзяржавы»,— адзначыў Лукашэнка.
Пры гэтым ён сказаў, што
Банк ВТБ не мае і не будзе мець такіх праблем, як некаторыя, якія паспрабавалі самаўхіліцца ад таго, што адбываецца ў Беларусі.
Звяртаючыся да Андрэя Косціна, Лукашэнка сказаў: «Ваш банк годна сябе паводзіць, і мы гатовыя і далей падтрымліваць вельмі сур’ёзныя адносіны з вамі. Мы будзем старацца,
каб ваш банк меў нейкія перавагі ў Беларусі ў параўнанні з тымі, хто не вельмі нас разумее».
* * *
Зараз у Беларусі зарэгістраваны 31 банк, замежны капітал прысутнічае ў 25 банках, у 20 доля замежнага капітала перавышае 50%. Восем банкаў маюць 100% замежны капітал.