У Мінскім метрапалітэне абмежавалі продаж жэтонаў да двух штук у адны рукі. На некаторых станцыях пасажырам замест жэтонаў прапаноўваюць талон, па якім можна праехаць у метро.

Як паведаміў начальнік службы руху метро Рыгор Якімкаў, інфармацыя, што з’явілася ў прэсе аб планаваным павышэнні ў хуткім часе кошту праезду ў грамадскім транспарце выклікала ажыятажны попыт на жэтоны для паездкі ў метро. «Таму мы вымушаны былі абмежаваць продаж да двух жэтонаў у адны рукі. Гэтае рашэнне будзе дзейнічаць да ўваходжання ў сілу новага тарыфу», — сказаў Якімкаў.

Ён таксама паведаміў, што супрацоўнікі метро назіраюць, як па некалькі разоў у чаргу па жэтоны становяцца студэнты, для якіх устаноўлены бясплатны праезд, а таксама пажылыя людзі. Прадстаўнік метрапалітэна зазначыў, што двух жэтонаў, купленых на адной станцыі, дастаткова для праезду туды і назад.

Як паведамлялася раней, дзяржаўная ўстанова «Сталічны транспарт і сувязь» і дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс» унеслі ў Мінэканомікі прапанову павысіць кошт адной паездкі ў грамадскім транспарце да 1.850 рублёў да канца года ў тры этапы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 кастрычніка паведамілі спецыялісты гэтых арганізацый.

Начальнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення «Мінсктранса» Ганна Міхайлоўская заявіла, што калі прапанова транспартнікаў будзе прынята ў хуткім часе, то ў снежні кошт праезду дасягне 1.850 рублёў.

Пра тое, што кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска плануецца павялічыць з 1 лістапада да 1.300 рублёў, паведаміў на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме 24 кастрычніка дырэктар ГУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў, перадало дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. «Мы падрыхтавалі абгрунтаванне неабходнасці павышэння тарыфаў да гэтага ўзроўню. Думаю, на працягу тыдня такое рашэнне Мінгарвыканкам прыме, затым яно павінна прайсці ўзгадненне ў Міністэрстве эканомікі і экспертызу ў Мінюсце. Раней, чым 1 лістапада, мы не зможам гэта зрабіць», — зазначыў Шкуратаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?