«Deutsche Bank не вядзе бізнес з Беларуссю і не мае ніякіх планаў па яго працягу», — заявіў БелаПАН прадстаўнік гэтага нямецкага банка Крыстаф Блюменталь, адмовіўшыся каментаваць прычыны такога рашэння.

Супрацоўніцтва з беларускім урадам таксама спыніў французскі банк BNP Paribas, паведаміла брытанская газета The Independent (адзін з офісаў BNP Paribas размешчаны ў Лондане). Атрымаць каментарый у гэтага банка пакуль не ўдалося, але інфармацыю пацвердзіў БелаПАН прадстаўнік брытанскай праваабарончай арганізацыі Index on Censorship Майк Харыс.

«Мы рады такому рашэнню, бо мы праводзілі скіраваную на гэта кампанію», — сказаў ён. У рамках кампаніі Index on Censorship звярталася да ўрада Вялікабрытаніі. Праваабаронца таксама нагадаў, што некалькімі месяцамі раней супрацоўніцтва з Беларуссю спыніў брытанскі Royal Bank of Scotland.

Deutsche Bank і BNP Paribas разам з брытанскім Royal Bank of Scotland і расійскім «Ашчадбанкам» выступалі арганізатарамі размяшчэння беларускіх еўрааблігацый. «Спадзяемся, што цяпер супрацоўніцтва з беларускім урадам спыніць і расійскі „Ашчадбанк“. Урэшце рэшт яны гэта зробяць», — мяркуе Харыс.

Праваабаронца заявіў, што Index on Censorship будзе працягваць аказваць націск на Deutsche Bank, які па-ранейшаму мае намер інвеставаць у беларускія дзяржпрадпрыемствы — напрыклад у «Беларуськалій».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?