«У беларусаў ёсць шанец не дапусціць чарговага злачынства над сабой і сваім народам, — гаворыцца ў лісце заснавальніка Беларускага народнага фронту Зянона Пазняка, зачытаным сёння падчас мітынгу ў Курапатах. — Гарантыяй гэтага павінна стаць наша народная памяць, культура і беларуская салідарнасць супраць дзеянняў зла. Цяпер многія ўбачылі тое, што было відаць першапачаткова, — прамаскоўскі рэжым вядзе адкрытую палітычную вайну з беларускім народам».

Такая вайна не навіна ў беларускай гісторыі, падкрэсліў палітык. Ён, у прыватнасці, нагадаў, што ў Курапатах супрацоўнікі НКВД «расстралялі і закапалі каля чвэрці мільёна людзей».

У пасланні адзначаецца, што

ў пачатку 1990-х «было прынята правільнае рашэнне — зацвердзіць» Дзяды «у якасці народнага свята, дня памяці».

«Свядомасць і дух нацыі абапіраюцца на культуру і гісторыю, — перакананы Пазняк. — „Дзяды“ накіроўваюць мысленне людзей у гісторыю быцця на сваёй зямлі, падзеі, справы і дасягненні продкаў. Для нас, беларусаў, гэта тым больш важна, бо мы з’яўляемся спадчыннікамі найвялікшай гістарычнай культуры, цэлай культурнай цывілізацыі — Вялікага Княства Літоўскага».

Як адзначыў палітык, яшчэ ў 1990-я «рэжым цемры ліквідаваў дзяржаўнае свята памінання продкаў». «Але ён жыве незалежна ад варварства знішчальнікаў і будзе жыць, пакуль жывем усе мы, беларусы, пакуль памятаем бацькоў і дзядоў», — перакананы Пазняк.

Заснавальнік Беларускага народнага фронту, які эміграваў з Беларусі ў 1996 годзе, заклікаў беларусаў заўсёды шанаваць дзень памінання продкаў «Дзяды». «Таму што ў ім — наша існаванне», — падкрэсліў лідэр КХП-БНФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?