Жывая легенда беларускай Брытаніі Айцец Аляксандр Надсан і ягоны выхаванец айцец Сяргей Стасевіч.

Жывая легенда беларускай Брытаніі Айцец Аляксандр Надсан і ягоны выхаванец айцец Сяргей Стасевіч.

Раніцой рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцец Аляксандр Надсан і айцец Сяргей Стасевіч адслужылі службу ў грэка-каталіцкай царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла. Па сутнасці, гэта адзіная дзейная беларуская бажніца ў Вялікабрытаніі.

Пасля на лонданскіх могілках Св. Панкрата (St. Pancras & Islington сemetery) адбылася паніхіда ля магілаў беларусаў, якія знайшлі спачын на брытанскай зямлі.

«Мне прыйшлося пахаваць амаль усіх тых людзей, якія тут ляжаць. Я ведаю, наколькі яны былі адданыя і справе Божай, і справе беларускай. У іх не было нацыяналізму — яны хацелі, каб беларускі народ быў перадусім народам Божым, каб знайшоў сваё месца ў Божай сям’і народаў свету.

І яны зрабілі больш, чым па-людску можна было спадзявацца»,
 — адзначыў у прамове айцец Аляксандр Надсан, дзелячыся ўспамінамі пра апостальскага візітатара для беларусаў замежжа і генерала ордэна марыянаў айца Часлава Сіповіча, рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане і кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё архімандрыта Льва Гарошку, аднаго з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі Аляксандра Лашука, літаратара і святара Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), айца Тамаша Падзяву і іншых.

Таксама лонданскія беларусы ўспомнілі суродзічаў, якіх пакручасты лёс раскідаў па ўсім свеце. «Давайце памолімся, каб яны былі разам, у еднасці з Богам там, дзе ўжо няма ні болю, ні суму, ні плачу», — завяршыў казанне рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане.

Па вайне на Брытанскіх выспах апынулася каля 10 тысяч беларусаў.
У асноўным гэта былі жаўнеры 2-га польскага корпуса брытанскіх узброеных сіл (Армія Андэрса) і іх сем’і. Праўда, пазней многія з іх імігравалі ў іншыя краіны.

З 1946 года вядзе ўласную гісторыю Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі, з 1954-га — Англа-беларускае таварыства, што існуюць дасюль. Вось ужо паўстагоддзя ў паўночна-заходняй частцы Лондану дзейнічае беларускі рэлігійна-культурны цэнтр з грэка-каталіцкай царквой Святых апосталаў Пятра і Паўла і ўнікальнай Беларускай бібліятэкай-музеем імя Францішка Скарыны.

Паводле дадзеных перапісу 2011 года, у Вялікабрытаніі пражывала 1154 беларусы. Згодна з неафіцыйнымі падлікамі — блізу 5000.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?