У Беларусі ідзе будаўніцтва трох аквапаркаў і чатырох дэльфінарыяў. Некаторыя праекты вельмі амбіцыйныя.
«EJ: Нерухомасць» паспрабавала скласці «водную» карту сталіцы, на якой у найбліжэйшы час з’явяцца вышэйпералічаныя аб’екты.

Адным з найбольш амбіцыйных праектаў стала будаўніцтва аквапарку па вуліцы Арлоўскай, які ўшчыльную далучыцца да парку забаваў «Дрымлэнд».

Сярод аб’ектаў аквапарка — водныя комплексы «Лянівая рака», «Дзіцячы басейн», «Хвалевы басейн», «Камікадзэ» і многія іншыя; кавярні і рэстараны хуткага абслугоўвання, а таксама тэатр марскіх жывёл.

Кругласутачны сезонны (травень-верасень) парк водных атракцыёнаў размесціцца на 16 гектарах. Паводле стылістычнай задумы італьянскай кампаніі «Preston Internationals.rl», пабудовы будуць адлюстроўваць геаграфічныя асаблівасці розных краін, месцаў і часоў. Замест квіткоў наведнікі будуць атрымліваць наручныя чыпы розных зонаў доступу.

— Адной з задач праекта было даць людзям магчымасць купацца і загараць на адкрытым паветры, чаго не можа даць закрыты аквапарк, — растлумачылі «EJ: Нерухомасць» у ЗАТ «Ростэм», кампаніі, якая выступае замоўцам праекта. — Вада ў басейнах будзе падагравацца, таму праца аквапарка будзе доўжыцца з мая да верасня. А што да зімовага перыяду, ёсць задума зрабіць з водных атракцыёнаў ледзяныя, каб парк працаваў цэлы год.

Таксама на тэрыторыі парка плануецца будаўніцтва 4-зоркавага гатэля на 300 месцаў.

Тэатр марскіх жывёл будзе працаваць цэлы год і далучыцца да паўночна-заходняй часткі «Дрымлэнду».

Перад тэатрам марскіх жывёл будзе разбіты міні-сада-ля Версаль, а само збудаванне будзе з дзвюх частак: арэны для выступленняў экзатычных жывёл з трыбунамі на 1200 гледачоў і акіянарыум. У будынку таксама прадугледжаныя спецыяльныя памяшканні, распранальні і гідраўлічныя пад’ёмы для інвалідаў, якія змогуць праходзіць тут дэльфімнатэрапію.

Аб’ём басейна, у якім будуць жыць насельнікі тэатра, разлічаны на пяць марскіх жывёл. Хутчэй за ўсё гэта будуць дэльфіны, марскія коцікі і цюлені.

Пра камфорт жывёлаў давядзецца паклапаціцца асабліва ўважліва.

— Беларусь не марская дзяржава, таму нормаў праектавання басейнаў для ўтрымання марскіх жывёл у нас няма, — растлумачыў галоўны архітэктар праекта Альгерд Свірскі.

Штодня ў басейне павінна абнаўляцца 10% марской вады, але ў каналізацыю яе зліваць нельга. Таму спецыяльным абсталяваннем будзе рабіцца зваротная ачыстка марской вады ў прэсную, а затым яе вяртанне ў зыходную ёмістасць.

Цана квітка на выступы марскіх жывёл складзе каля 10 даляраў, а VIP-білет (плаванне і фатаграфаванне з жывёламі) абыдзецца дзесьці 50 даляраў, мяркуе галоўны архітэктар праекта.

Сам праект у беларускай сталіцы ўжо паспелі ахрысціць «Беларускім Дыснэйлэндам», з чым сам яго аўтар не зусім згодны.

— Ці будзе ён камерцыйна паспяховым — на гэтае пытанне мне адказаць складана, бо я не фінансіст. Але тое, што беларускі аквапарк будзе нашмат лепшы і цікавейшы, чым у Крыме, Адэсе і Анапе, — гэта дакладна, — падкрэсліў А. Свірскі.

На 2013 год запланаваная здача іншага аквапарка на праспекце Пераможцаў у Мінску, які будзе працаваць круглы год.
Аб’ект будзе складацца з сямі горак для спускаў, самая экстрэмальная з якіх — больш за дваццаць метраў. Таксама будзе пабудаваны басейн з падагрэвам вады на вуліцы, у які можна будзе скаціцца нават узімку, басейны са шматлікімі вадаспадамі, фантанамі і гейзерамі, а таксама выспа з трапічнай зелянінай і пляжам, абсталяваная шэзлонгамі і парасонамі.

Без уліку гатэля гэты забаўляльны комплекс будзе каштаваць каля 80 мільёнаў даляраў.

Вясной 2012 года пачнецца будаўніцтва іншага, не менш амбіцыйнага праекта на скрыжаванні вуліц Ташкенцкай і Машынабудаўнікоў на беразе Свіслачы.

Упершыню ў свеце ў рамках аднаго праекта будуць сабраныя дэльфінарый, акіянарыум, шоу з кракадзіламі і тэатр птушак. Штодня яго змогуць наведваць да 6 тысяч чалавек.

Гэты эксклюзіўны аб’ект плануецца адкрыць ўжо ў 2014 годзе.

Акрамя таго, на тэрыторыі самога заапарка размесціцца яшчэ адзін дэльфінарый, забудоўшчыкам якога з’яўляецца ўкраінская кампанія ТАА «Нерум». Эколагі б’юць трывогу. Кампанія, мякка кажучы, мае не вельмі добрую рэпутацыю, звязаную з парушэннем еўрапейскіх нормаў і стандартаў па будаўніцтве басейнаў для ўтрымання дэльфінаў. На сайце Мінскага дэльфінарыя «Нема» сказана, што аб’ект плануецца здаць у эксплуатацыю да канца 2012 года. І сапраўды, будаўніцтва на тэрыторыі заапарка ідзе ўдарнымі тэмпамі — мабыць, забудоўшчык спяшаецца абагнаць аб’екты канкурэнтаў.

Як стала вядома «EJ: Нерухомасць», расійская кампанія «ДельфинБел» адкрые яшчэ адзін дэльфінарый у Мінску ўжо ў лістападзе 2011. Часовую ўстаноўку канструкцыі вышынёй 15 метраў і дыяметрам 40 метраў вырабяць насупраць Мінскага лядовага палаца па вуліцы Прытыцкага, 27. Тэрмін эксплуатацыі складзе адзін год. Дэльфінарый будзе складацца з трох басейнаў, разлічаных на чатыроў дэльфінаў, некалькіх марскіх коцікаў і аднаго маржа. У дэльфінарыі прадугледжаная сучасная сістэма фільтрацыі вады, аналагічная той, што будзе ў тэатры марскіх жывёл пры аквапарку «Дрымлэнд».

Дэльфінарый разлічаны на 700 гледачоў, але ўладальнікі вырашылі зрабіць яго больш прасторным і ўсталявалі толькі 500 месцаў. Спектаклі з удзелам дэльфінаў, марскіх коцікаў і маржоў будуць праходзіць штодня.

Па справе

Акрамя таго, мала хто ведае, што на выездзе з Мінска ў брэсцкім напрамку каля вёскі Шчомысліца будуецца яшчэ адзін міні-аквапарк і спа-цэнтр пры гатэлі. Замоўцам будаўніцтва выступае «Белмытнясэрвіс».

Гэты аб’ект з’яўляецца аналагам літоўскага праекта ў Тракаі Trasalis.

У гатэлі будуць «пакоі-капсулы» чатырох тыпаў па памеры агляднай пляцоўкі, велізарны лазневы комплекс і некалькі горак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?