Дзень Рэфармацыі пратэстанты Еўропы святкуюць 31 кастрычніка, у гонар падзей 1517 года, калі Марцін Лютэр прыбіў свае 95 тэзісаў да варотаў царквы ў Вітэнбергу. Гэтая падзея лічыцца афіцыйным пачаткам Рэфармацыі, рэлігійнага і грамадскага руху, які перавярнуў мысленне еўрапейцаў.

Рэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім найперш асацыюецца з імёнамі Скарыны, Біблія якога прасякнутая пратэстанцкім духам; Мікалая Радзівіла Чорнага, рэалізатара вялікай зямельнай рэформы 1557-га, якая дала штуршок гаспадарцы. Час Рэфармацыі, XVI стагоддзе, называюць «залатым векам» беларускай культуры.

фота БелаПАН

фота БелаПАН

фота БелаПАН

фота БелаПАН

фота БелаПАН

фота БелаПАН

фота БелаПАН

фота БелаПАН

У гонар Дня Рэфармацыі ў Мінску 31 кастрычніка адбыўся «Баль у Радзівіла» — тэатралізаваны канцэрт з удзелам гуртоў «Стары Ольса» і «Залаты двор». Праўда, Маладзёжны тэатр эстрады — не самая ўдалая пляцоўка для такіх мерапрыемстваў: сучасныя інтэр’еры не дазваляюць напоўніцу прасякнуцца духам тых часоў.

Магнаты Радзівіл Чорны, Радзівіл Руды са сваёй жонкай Альжбэтай, Астафій Валовіч, падканцлер, і іншыя прадстаўнікі эліты Вялікага Княства абмяркоўвалі на сцэне актуальныя праблемы Бацькаўшчыны. Жартавалі пра курс талера і выказвалі меркаванне, што Рэфармацыя зможа вырашыць усе беларускія праблемы.

Размовы пра лёс Бацькаўшчыны разбавіў ансамбль старажытнага танца «Залаты двор». Трохі не хапала сапраўднага балю. Калі б «Залаты двор» у холе тэатра зладзіў хоць невялікі майстар-клас, казалі гледачы. Любы баль у зале збярэ большую колькасць ахвотных прыйсці, чым баль «у крэслах».

Але выступ гурту старажытнай музыкі «Стары Ольса» дапамог канчаткова пераключыцца на святочны настрой.

Алёна Сітнік, галоўны рэжысёр канцэрта, кажа, што баль — гэта спроба ўвесці традыцыю святкавання Дня Рэфармацыі. Каб насамрэч аднавіць традыцыю, трэба звярнуць увагу шырэйшай аўдыторыі, якая не абмяжоўваецца аматарамі творчасці «Старога Ольсы».

Сёлета зала была запоўненая цалкам. Магчыма, «Баль у Радзівіла» змог адцягнуць частку аўдыторыі Хэлоўіна. Хоць Дзень Рэфармацыі нашмат складанейшы для ўспрымання за гарбузы са свечкамі, якіх апошнімі днямі ў Мінску мноства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?