Беларускія камуністы адзначаць 7 лістапада, гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, ускладаннем кветак да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Як паведаміў БелаПАН адзін з лідараў Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка, члены партыі маюць намер 7 лістапада ўскласці кветкі да помніка Леніну ў 10 гадзін раніцы.

У 11 гадзін кветкі да помніка Леніну ўскладуць члены апазіцыйнай Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Паводле слоў намесніка старшыні партыі Валерыя Ухналёва, спецыяльная заяўка на гэту акцыю не падавалася. «Ускладанне кветак да помнікаў ніяк не рэгламентуецца дзейным заканадаўствам, таму мы маем права прыйсці і ўскласці кветкі без усякіх заявак», — сказаў Ухналёў.

У гэты ж дзень кветкі да помніка Леніну ўскладуць таксама актывісты рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «За Саюз і Камуністычную партыю Саюза» (СКПС).

Як паведаміў БелаПАН сакратар-каардынатар РГА «СКПС» Леанід Школьнікаў, ускладанне кветак членамі арганізацыі плануецца не толькі да помніка Леніну, але і да помнікаў іншым вядомым дзеячам Кастрычніцкай рэвалюцыі, устаноўленым у Мінску: Свярдлову, Кіраву, Калініну.

«Гэтым разам мы вырашылі не падаваць заяўку на традыцыйнае шэсце ад будынка прэзідыума акадэміі навук на плошчу Бангалор, паколькі ў нас цяпер няма магчымасці дайсці да людзей з інфармацыяй пра гэту акцыю. Аднак мы правядзем урачысты сход, прысвечаны гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі», — сказаў Школьнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?