Расійскія кампаніі даюць больш за ўсіх хабару падчас працы за мяжой.
Пра гэта сведчаць дадзеныя рэйтынгу Bribe Payers Index, падрыхтаванага міжнароднай арганізацыяй Transparency International.

Падчас даследавання былі разгледжаныя 28 найбуйнейшых эканомік свету. Краіны з найменшым узроўнем хабарніцтва экспартных кампаній маглі атрымаць да 10 балаў. Расія атрымала самую нізкую адзнаку сярод усіх удзельнікаў рэйтынгу — 6,1 бала — і заняла апошняе месца. На перадапошнім месцы размясціўся Кітай (6,5 бала).

Першае і другое месца ў рэйтынгу падзялілі кампаніі з Нідэрландаў і Швейцарыі — яны атрымалі па 8,8 бала. За імі ідуць Бельгія (8,7 бала), Германія і Японія (па 8,6 бала). ЗША занялі 10-е месца з 8,1 бала.

Аўтары Bribe Payers Index таксама разгледзелі ўзровень хабарніцтва ў розных сектарах эканомікі. Найменш схільнымі да карупцыі аказаліся сельская гаспадарка і лёгкая прамысловасць — на іх рахунку па 7,1 бала. Найгоршыя адзнакі атрымалі будаўніцтва ў сферы грамадскага карыстання (5,3 бала), камунальныя паслугі і праца з нерухомасцю (па 6,1 бала).

На думку дырэктара расійскага аддзялення Transparency International Алены Панфілавай, нізкі рэйтынг Расіі тлумачыцца тым, што тут адбылася «стабілізацыя карупцыі». Пад гэтым маецца на ўвазе, у прыватнасці, тое, што законы супраць карупцыі, нават калі яны прымаюцца, не працуюць.

Папярэдні рэйтынг хабарніцтва сярод міжнародных кампаній быў складзены ў 2008 годзе. Тады Расія таксама заняла ў ім апошняе месца, атрымаўшы ад аўтараў Bribe Payers Index 5,9 бала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?