Міжнародны фестываль дзіцячага і юнацкага кіно «Лістападзік-2011» адкрыецца сёння ў сталічным кінатэатры «Піянер».
Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі форуму.
Праграму «Лістападзіка-2011» склалі фільмы, адзначыныя ўзнагародамі на міжнародным узроўні.

Адкрые фестываль кінастужка «Прыгоды Цінціна: тайна адзінарога» Стывена Спілберга (ЗША, Новая Зеландыя). Сярод конкурсных карцін — «Паляванне за скарбамі Ганібала» Пітэра Ціма (Германія), «Загадкавае пісьмо» Сімонэ Ван Дзюсельдорпа (Нідэрланды), «Веспа» Дзіяны Гроу (Венгрыя, Сербія), «Коко і прывіды» Даніэля Кушан (Харватыя), «Апошняя гульня ў лялькі» Георгія Нягашава (Расія), «Скрынка для сняданка» Амола Гуптэ (Індыя), «Рыжык у Залюстроўі» Алены Туравай (Беларусь), «Анёлы з усходняй ускраіны» Ларса Берга (Нарвегія), «Нявеста чорта» Здэнека Трошкі (Чэхія). Асобныя кінакарціны будуць таксама прадстаўлены ў пазаконкурснай праграме фестывалю. Рэжысёры прыедуць у Мінск, каб асабіста прадставіць свае работы, сустрэцца з гледачамі і атрымаць ацэнку прафесійных кінематаграфістаў.

Журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ўзначаліць акцёр тэатра і кіно, рэжысёр, кінадраматург, прадзюсар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Уладзімір Граматыкаў. У судзейскую калегію таксама ўвойдуць праграмны дырэктар міжнародных культурных праектаў Эмілія Хаўярава (Чэхія), актрыса тэатра і кіно Алена Дуброўская (Беларусь), прадзюсар фільма-лаўрэата«Лістападзіка-2010» пад назвай «Чароўнае дрэва» Ханна Прабульска-Джысіёў (Польшча), сцэнарыст Алена Калюнова (Беларусь).

«Лістападзік» арганізаваны ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у 1998 годзе. «Лістапад-2011» пройдзе 5–12 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?