На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў рознымі ордэнамі кіраўнікоў дзвюх дзяржаўных газет. Галоўны кіраўнік галоўнай газеты атрымаў ордэн Айчыны 3-й ступені. Засталіся яшчэ дзве ступені, каб дасягнуць, па словах класіка, «степеней известных» і стаць нарэшце поўным кавалерам...

У мяне няма памкнення кпіць з узнагароджаных ці ў чарговы раз разважаць пра разбуральную ролю дзяржаўных СМІ ў нашым грамадстве. Але вось якая uісторыя згадалася мне з гэтай нагоды.

Адбылася яна паміж «Знамёнкай» і «Чырвонкай», як па прастаце называліся тады вядомыя маладзёжныя газеты. Набліжаўся юбілей «Чырвонкі», і ўсе чакалі, як то было прынята ў савецкія часы, асабліва ў брэжнеўскія, высокіх узнагарод. Вось тыдзень застаецца, вось тры дні, вось ужо заўтра... А ні ордэнаў, ні медалёў усё няма. І тады жартаўнікі са «Знамёнкі» падкінулі на тэлетайп калег сфабрыкаваную стужку пад грыфам «тэрмінова» з пералікам прозвішчаў, пасад і розных узнагарод — ад ордэна Леніна, калі не памыляюся, да медаля «За працоўную доблесць»... Прызналіся ў апошні момант, калі «ТАССоўка» ўжо была пастаўлена ў нумар, а на сталах чакала жыватворчая празрыстая вадкасць з «20-га», так называлі паміж сабой магазін праз вуліцу, тады, здаецца, Тыпаграфскую.

Сцвярджаю з абсалютнай упэўненасцю: каб не «20-ы», савецкая «агітацыя і прапаганда» скончылася б нашмат раней...

Але вось парадокс: «20-га» няма, а савецкая «агітацыя і прапаганда» з яе хлуслівымі ўзнагародамі жыве.

Я паглядзеў, за што павінен давацца ордэн Айчыны, за якія дасягненні і мужныя ўчынкі. І не знайшоў у пераліку падстаў нічога, што адпавядала б дзейнасці згаданага ўзнагароджанага, «накіраванай на падвышэнне дабрабыту лю-дзей і ўмацаванне магутнасці краіны...».

Які дабрабыт, якая магутнасць?!

Зрэшты на старонках «СБ» — і дабрабыт, і магутнасць. Праўда, толькі часткова за кошт прыхільнікаў. Астатняя мана — за кошт бюджэту, за дзяржаўны, за наш з вамі кошт.
Вось вам і «выдатныя дасягненні»... Замацавалі б у статуце ці ўказе фармулёўку «за абслугоўванне інтарэсаў улады», было б, урэшце, праўдзіва. Але ж не — магутнасць і дабрабыт...

...Чытаю зараз лісты бацькі да маці часоў вайны. Вось што ён піша 28 лютага 1944 года:

«Для таго, каб праўдзіва сказаць пра байца, трэба быць з ім, выпрабаваць усе цяжкасці і вопыт барацьбы».

Бацька быў на вайне журналістам, і яшчэ хлапчуком я не аднойчы пытаўся ў яго, за якія подзвігі баявыя ўзнагароды. Асабліва цікавіў мяне медаль «За адвагу». Нехта з дваровых сяброў, калі мы пахваляліся адзін перад адным бацькоўскімі ўзнагародамі, сказаў мне, што гэта ўсяго толькі салдацкі медаль. Бацька быў капітанам. І я вырашыў, што ён нічога не расказвае мне пра вайну і медаль, таму што яму сорамна за такую невялікую ўзнагароду. Мне таксама было сорамна перад сябрамі...

Напрыканцы 70-х мы апынуліся на высачэзным узгорку ў пушкінскім Міхайлаўскім. Унізе цякла Сораць, а ўдалечыні высіўся над ракой Вялікай мост.

«Бачыш мост? — спытаў бацька. — Ледзь не патануў пад ім... Камбат загінуў, і я аказаўся старэйшым па званні... Дзевятнаццаць танкавых атак...» — «За адвагу?»

Бацька прамаўчаў.

...Нядаўна я чуў разважанні аднаго паэта.
Ён настойліва сцвярджаў, што толькі пакуты аб’ядноўваюць людзей — ад сем’яў да народаў і нацый. З ім спрачаліся: чаму толькі пакуты?

Між тым, ёсць адна бясспрэчная, пацверджаная ўсім вопытам чалавецтва, ісціна: нішто, як толькі хлусня, не разбурае дзяржавы і не раз’ядноўвае людзей — ад сем’яў да цэлых народаў і нацый...

Глядзі яшчэ: Сяргей Ваганаў. Кроў лялькі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?