Міністэрства па падатках і зборах прымае прапановы па пытанні стварэння ў Беларусі сістэмы электроннага кантролю за таварнымі і фінансавымі патокамі пры абароце тавараў.

Як паведамляе прэс-цэнтр МПЗ, у адпаведнасці з даручэннем урада разглядаецца пытанне аб стварэнні такой сістэмы, выкарыстанне якой будзе рэалізоўвацца на добраахвотнай аснове.

Мяркуецца, што сістэма будзе функцыянаваць наступным чынам. Яе ўдзельнікамі будуць суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ажыццяўляюць вытворчасць, імпарт пэўнай групы тавараў, аптовы і рознічны гандаль ёй. У сістэме ў рэжыме рэальнага часу будуць рэгістравацца ўсе ключавыя аперацыі пры абароце тавараў, у тым ліку іх вытворчасць, імпарт, атрыманне, адгрузка. Прадугледжваецца ідэнтыфікацыя кожнага віду ўпакоўкі тавару (спажывецкай (бутэлька, банка, пакет і інш.), лагістычнай (скрыні і інш.) і транспартнай (палеты, паддоны і інш.) унікальным ідэнтыфікацыйным кодам. Спажывецкая адзінка тавару будзе ідэнтыфікавацца пры дапамозе штрыхавага кода тавару, а лагістычныя і транспартныя адзінкі — з выкарыстаннем лагістычнай этыкеткі, якая сумяшчае штрыхавыя коды і радыёчастотную ідэнтыфікацыю. Любая аперацыя з таварам будзе ўлічвацца ў сістэме шляхам счытвання ўнікальнага кода лагістычнай этыкеткі.

Як адзначаюць у МПЗ, стварэнне сістэмы запатрабуе расходаў суб'ектаў гаспадарання, якія жадаюць удзельнічаць у ёй, у тым ліку на набыццё неабходнага абсталявання; расходныя матэрыялы; аплату паслуг па выкарыстанні сістэмы.

Укараненне сістэмы дазволіць забяспечыць кантроль за абаротам кожнай лагістычнай і (ці) транспартнай адзінкі пры ўмове занясення даных у сістэму; знізіць транспартна-лагістычныя расходы, аптымізаваць схему ўнутранага тавараруху; арганізаваць экспарт тавараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі; знізіць страты і крадзяжы; перайсці на новы ўзровень маніторынгу і кіравання таварна-транспартнымі патокамі.

Паводле даных МПЗ, у міжнароднай практыцы суправаджэнне тавару на аснове аўтаматычнай ідэнтыфікацыі рэалізуецца арганізацыямі на добраахвотнай аснове ў розных сферах — там, дзе ў сілу спецыфікі дзейнасці станоўчы эфект перавышае затраты на выкарыстанне сістэмы. Напрыклад, падобныя сістэмы кантролю рэалізуюцца буйнымі арганізацыямі самастойна для абароны брэндавай дарагой прадукцыі, а таксама для абароны прадукцыі, ужыванне якой звязана з павышанымі рызыкамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?