У канцы матча рэгулярнага чэмпіянату КХЛ «Дынама» (Мінск) – «Віцязь» (3:2) гульцы прыезджай каманды справакавалі бойку не толькі з хакеістамі зуброў, але і з заўзятарамі «Дынама». Пачалося ўсё з таго, што за 15 секунд да канца матча Аляксандр Сазонаў паваліў Тэему Лайне ў цэнтры пляцоўкі і пачаў збіваць гульца.
У знак пратэсту супраць хамскіх паводзінаў хакеістаў «Віцязя» заўзятары закідалі пляцоўку пластыкавымі бутэлькамі і іншымі прадметамі.
Праз 8 секунд пасля аднаўлення гульні яшчэ адну бойку арганізаваў Крыстафер Брэнан, які збіваў Уладзіміра Дзянісава, які ляжаў на пляцоўцы. Беларускія заўзятары зноў закідалі лёд, а таксама лаўку запасных пластыкавымі бутэлькамі.
Некаторыя з іх трапілі ў галаву галоўнаму трэнеру «Віцязя» Андрэю Назараву.Ён не знайшоў нічога лепшага, чым узяць клюшку і праз агароджу пагражаць ёй заўзятарам. Прычым размахваў трэнер ёй так актыўна, што ў выніку яна зламалася.
Сітуацыя супакоілася толькі пасля таго, як на сектары з'явіўся АМАП і адціснуў заўзятараў ад агароджы. Сыходзіў Назараў у падтрыбунныя памяшканні, дэманструючы непрыстойныя жэсты мінскай публіцы.
Адзначым, што ў гэтым матчы госці зарабілі 182 хвіліны штрафу, а гаспадары — 2 хвіліны.
Поўнае відэа (16 хвілін з моманту пераможнай шайбы да канца гульні):





