09.56

Сёння чакаецца, што ў судзе будуць прадстаўлены пратаколы мытнага надгляду Алеся Бяляцкага. Дакументы запатрабаваныя адвакатам.

10.01

Пракурор зачытвае ліст начальніка падатковай інспекцыі Першамайскага раёна Мінска і дакументы праверак. Згодна пададзенай інфармацыі, у Бяляцкага ў 2008 годзе запатрабавалі дэкларацыю за 2007 год. Праваабаронца падаў дэкларацыю, у якой указаў, што ніякага прыбытку не меў. Інспекцыя правяла праверку, але ніякіх парушэнняў не выяўлена. Але ў пэўныя гады ў Бяляцкага выявілі, што выдаткі перавшаюць прыбыткі. У праваабаронца запатрабавалі тлумачэнняў. Бяляцкі сказаў, што не можа патлумачыць, спаслаўшыся на адсутнасць у яго дакументаў. Але пагадзіўся заплаціць падатак. І заплаціў у выніку 281290 рублёў.

10.18

Адвакат Бяляцкага звярнуў увагу на тое, што калі ён знаёміўся з гэтымі дакументамі, на іх тады не было подпісаў адказных асобаў.

Таксама ён адзначыў, што ў матэрыялах маюцца дакумента аб прыбытках да 2000 года, а ў крымінальнай справе разглядаецца перыяд са студзеня 2007 года.

10.21

Пракурор зачытвае мытныя дэкларацыі Бяляцкага і акты мытнага надгляду яго на мяжы.

21.03.2009 Гродзенская рэгіянальная мытня парушэнняў не выявіла.

14.09.2010 Ашмянская мытня парушэнняў не выявіла.

2.10.2008 Брэсцкая мытня парушэнняў не выявіла.

Адвакат звярнуў увагу, што сумы грошай, якія былі ў Бяляцкага пры надглядах, нязначныя. У адным ў выпадкаў — 130 еўра.

10.29

Паступіў пераклад дакументаў, на чым настойвала абарона. Адвакат агучвае іх. Перакладзеныя назвы замежных арганізацый, якія пералічвалі на рахункі Бяляцкага грошы. А таксама на мэты, для якіх яны паступілі.

Адной з мэтаў было адкрыццё грамадскай прыёмнай. Але адвакат звяртае ўвагу на недакладны пераклад. Так, англійскае слова rooms на русскую перакладзена ў адзіночным ліку.

Зачытваецца дамова на грант «Праца грамадскіх прыёмных». Для пералічвання сродкаў указаны рахунак Бяляцкага.

10.45

Пракурор задае пытанні Бяляцкаму. Апошні сказаў, што мытных дэкларацый і актаў надгляду на мяжы было значна больш, чым у справе. З 2008 года ён кожны раз, як выязджаў і ўязджаў у краіну, запаўняў такія дакументы.

«Выпусціце мяне пад падпісаку, я вам прынясу заўтра», — сказаў Бяляцкі.

Маўляў, дома ёсць усе акты, але жонка не можа знайсці сама.

Бяляцкі кажа, што ў перакладах банкаўскіх дакументаў не бачыць назвы адной з галандскіх арганізацый і не перакладзеная місія ў Казахстане.

10.54

Пракурор пытаецца, ці не хоча Бяляцкі папрасіць правесці экспертызу почырка на дакументах. Алесь кажа, што яны былі незаконна атрыманыя, таму не бачыць сэнсу праводзіць экспертызу.

11.11

Пракурор просіць далучыць да матэрыялаў справы раздрукоўкі з сайта ПЦ «Вясна» аб дзейнасці арганізацыі. Суддзя далучыў.

11.15

У выглялядзе чаго вы атрымалі прэмію Сахарава за 2006 год, — запытаўся пракурор. — «У выглядзе грамат».

11.46

Адвакат зачытаў копію ліста Мінюста Літвы Мінюсту Беларусі ад 24.08.2011. У лісце гаворыцца, што

ў прадстаўленай інфармацыі па рахунках Бяляцкага і Стэфановіча была ўказана непраўдзівая інфармацыя.

Суддзя далучыў копію ліста да справы.

12.10

Суддзя задаволіў шэраг хадайніцтваў адваката аб далучэнні да матэрыялаў справы дакументаў ад міжнародных арганізацый. У гэтых дакументах гаворыцца пра тое, што Бяляцкі сапраўды атрымліваў гранты, якія ішлі выключна пра праваабарончую дзейнасць. І Бяляцкім былі прадстаўлены справаздачы.

12.38

Пракурор папрасіў перапнак да 16 лістапада для прадстаўлення Бяляцкаму новага абвінавачвання, якое будзе адрознівацца ад прад’яўленага. Суддзя падтрымаў хадайніцтва.

* * *

На думку праваабаронца Валянціна Стэфановіча, калегі Алеся Бяляцкага,

гаворка, найхутчэй, ідзе пра карэкціроўку фармулёўкі абвінавачання. Аднак, не выключае Стэфановіч, пракурор можа і зусім змяніць артыкул: «Напрыклад, на сумнавядомы артыкул КК 193–1
 — удзел у незарэгістраванай арганізацыі». Раздрукоўкі рахункаў, сапраўднасць якіх абверг літоўскі бок, былі фактычна галоўным доказам «віны» Бяляцкага.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?