У Мінску з мэтай дадатковай сацыяльнай падтрымкі неабароненых катэгорый насельніцтва ў найбліжэйшыя выхадныя, 12–13 лістапада, стартуе дабрачынная акцыя «Другія рукі» па зборы ў насельніцтва ўжываных рэчаў, паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Праскурава сёння на брыфінгу ў гарвыканкаме.

Акцыю праводзіць камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з упраўленнем бытавога абслугоўвання насельніцтва гарвыканкама і ТКУП «Мінсктранс».

Наталля Праскурава патлумачыла, што такая практыка дапамогі людзям з невялікім дастаткам выкарыстоўвалася ў сталіцы і раней, аднак яе механізм быў недасканалы. «Да гэтага была пастаянная акцыя „З рук у рукі“. Але не заўсёды гараджанін мог даехаць да тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб аддаць рэчы. Таму паступала шмат зваротаў ад жадаючых дапамагчы з просьбай арганізаваць дастаўку», — сказала намеснік старшыні профільнага камітэта.

Цяпер па даручэнні старшыні гарвыканкама механізм аказання дапамогі ўдасканалены. Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва арганізуе хімчыстку рэчаў, а «Мінсктранс» — іх дастаўку. Так, «Мінсктранс» для кожнага раёна сталіцы вылучае мікрааўтобус. У ім будуць прадстаўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва і валанцёры з БРСМ.

Па суботах і нядзелях з 10 да 18 гадзін машыны будуць заязджаць ў 4–5 вызначаных месцаў каля жылых дамоў.
Аб’явы з пералікам адзення, якую можна здаць, размесцяць у ЖЭСах, разлікова-даведачных цэнтрах. У прыватнасці, мінчукі могуць прыносіць паліто, штаны, курткі, касцюмы, сукенкі, джэмперы.
Не прымаюцца галаўныя ўборы, абутак і ніжняя бялізна.

Ношаную вопратку вывесяць ў салонах «Міласэрнасць», якія дзейнічаюць у тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання,

і будуць выдаваць людзям, якія ў першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы.
Па словах Наталлі Праскурава, такіх у сталіцы больш за 14 тыс. Гэта шматдзетныя сем’і, сем’і, у якіх інваліды I і II груп выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, сем’і з дзецьмі-інвалідамі, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў, а таксама людзі, памер пенсіі якіх не перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму (на 1 лістапада — 574 790), — адзінокія пенсіянеры па ўзросцеп, інваліды I і II груп.

Дарэчы, менавіта для іх у буйных універмагах Мінска запрацавала дысконтная сістэма (зніжка 10%) на пэўныя групы нехарчовых тавараў айчыннай вытворчасці, з 15 лістапада на льготных умовах (зніжка 5%) можна будзе набываць і ежу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?