Жыхар Стаўбцоўскага раёна, ветэран Другой сусветнай вайны і былы вязень канцлагера, пайшоў у грыбы, а потым цэлы месяц хаваўся ў лесе ад фашыстаў, пакуль не памёр ад знясілення.

Як паведамілі «Ежедневнику» сваякі загінулага, дзядулю, які так трагічна памёр днямі ў беларускім лесе, было ўжо за 90. Але быў ён яшчэ здаровым і поўным сіл. Каля месяца таму ён пайшоў у грыбы і знік. Сваякі звярнуліся ў міліцыю, па ўсім раёне расклейвалі аб’явы пра вышук зніклага, але яго нідзе не было.

Таямніца знікнення чалавека раскрылася толькі днямі. Дзядулю знайшлі ў лесе, недалёка ад Дзяржынска, прыблізна за 100 кіламетраў ад таго месца, куды ён пайшоў у грыбы. Самае дзіўнае высветлілася пасля ўскрыцця і заключэння экспертызы.

Выявілася, што ветэран памёр ўсяго за 5 дзён да таго, як яго знайшлі. І ўвесь гэты час (больш за тры тыдні) ён пражыў у лесе, сілкуючыся аднымі грыбамі і запіваючы іх вадой з падземных крыніц і лужын.

У яго было шмат магчымасцяў выйсці да людзей і папрасіць дапамогі, але, мабыць, ён наўмысна гэтага не рабіў. Ён проста хаваўся ад людзей.

Таямніцу такіх дзіўных паводзінаў загінулага раскрылі сваякі. Аказваецца, дзядуля падчас вайны збег з канцлагера і доўгі час хаваўся ў лесе ад немцаў, сілкуючыся падножным кормам. Відавочна, мяркуюць сваякі, паход у лес абудзіў у дзядулю старыя ўспаміны, і ён пачаў думаць, што цяпер вайна і што ён збег з лагера. Толькі гэтым і можна растлумачыць, чаму ветэран хаваўся ад людзей. Напэўна, ён меркаваў, што калі выйдзе з лесу, то зноў трапіць у рукі фашыстаў. Па сутнасці, яму давялося другі раз уцячы з нямецкага лагера, толькі гэтым разам узрост не дазволіў яму выжыць у лесе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?