Народныя сходы пакуль не плануецца праводзіць у выглядзе агульнарэспубліканскіх і агульнагарадскіх акцый. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з ініцыятараў Народнага сходу палітык Віктар Івашкевіч.
«Будзем арганізоўваць па дамах, у дварах, мікрараёнах, там, дзе ёсць ініцыятыўныя людзі», — сказаў ён. Такая форма правядзення акцыі будзе захоўвацца датуль, пакуль не будуць створаны групы падтрымкі патрабаванняў удзельнікаў Народнага сходу, якія ўключалі б каля 10% жыхароў, паведаміў палітык. «Тады людзі змогуць аб’ядноўвацца ў агульныя гарадскія камітэты і прымаць рашэнні аб акцыях пратэсту», — падкрэсліў ён.
Івашкевіч паведаміў, што пакуль акцыі не даюць планаванага эфекту.
«Хаця людзі падтрымліваюць нашы патрабаванні, маральна ўхваляюць нашы дзеянні, але выходзіць на вуліцы пакуль баяцца»,— сказаў ён. Пры гэтым палітык падкрэсліў, што з самага пачатку Народны сход быў не формай пратэсту, а спосабам арганізацыі людзей для яго выказвання.
Нагадаем, Народныя сходы прайшлі 8 кастрычніка і 12 лістапада. У кастрычніку акцыя адбылася прыкладна ў дзесяці гарадах Беларусі, у лістападзе — толькі ў трох. У Мінску на мерапрыемства прыйшлі прыкладна 50 чалавек, у Гомелі — каля 70, у Баранавічах — прыкладна тры дзясяткі.





