Працэс падрыхтоўкі да кананізацыі аўтара «вяртання ва ўлонне праваслаўя» ўніятаў, мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа Сямашкі пачаўся ў пачатку года. І ўжо 4 красавіка 2011 Сінод Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхата, заслухаўшы рапарт старшыні камісіі па кананізацыі Беларускай праваслаўнай царквы архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя, пастанавіў звярнуцца да патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла «з хадайніцтвам аб магчымасці праслаўлення ў абліччы мясцовашанаваных святых Беларускай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі, 1789 — 1868)».

Варта нагадаць гісторыю ліквідацыі уніі і ролю Сямашкі ў гэтым.

Да канца ХVШ стагоддзя ўніяты складалі не менш за 80% насельніцтва. Узнікненне царкоўнай уніі праваслаўных Рэчы Паспалітай і Рыма ў 1596 годзе стала адказам на адвечнае беларускае пытанне пра выбар паміж Усходам і Захадам. Уніяцкая царква прызнала верхавенства папы рымскага і каталіцкія дагматы, але захоўвала праваслаўную абраднасць і звычаі. Такім чынам прыміраліся выклікі еўрапейскай культуры і старажытныя традыцыі, а таксама даваўся «наш адказ» стварэнню Маскоўскага патрыярхата ў 1589 годзе ў варожым дзяржаўным утварэнні — Маскоўскім княстве.

Успрыняцце уніі не было ні простым і ні хуткім, аднак праз 200 гадоў пераважная большасць насельніцтва сучаснай Беларусі былі спадчыннымі ўніятамі. Да гэтага часу ўніяцкая царква мела трывалыя пазіцыі, сфармаваліся спецыфічная рэлігійная абраднасць (свая, беларуская), асаблівы архітэктурны стыль уніяцкіх храмаў, уласная сетка навукова-адукацыйных установаў высокага ўзроўню ў асобе ўніяцкіх манастыроў (манастыроў базыльянаў, Ордэна Святога Васіля Вялікага). Прыняцце царкоўнай уніі спрыяла рэлігійнай кансалідацыі грамадства.

У гісторыі ўніяцкай царквы фатальнай асобай стаў Іосіф Сямашка.

Іосіф Сямашка нарадзіўся 27 снежня 1789. Паходзіў з Ліпавецкага павета Кіеўскай губерні з сям’і дробнага шляхціца, які стаў уніяцкім святаром. Скончыў Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце магістрам багаслоўя, стаў святаром. У 1822 годзе ён быў абраны ад Луцкай епархіі асэсарам Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Санкт-Пецярбургу. У 1827 годзе Сямашка склаў па просьбе дырэктара дэпартамента духоўных спраў МУС Карташэўскага дакладную запіску аб становішчы ўніяцкай царквы. У ёй выказваліся прапановы па «дэлацінізацыі» ўніяцкай царквы і аднаўленні ў ёй таго, што было агульным з праваслаўем. У перспектыве мела ўзмацніць прыхільнасць уніяцкага насельніцтва да дзяржаўнай улады. Гэтая запіска дайшла да імператара і змяніла лёс Сямашкі, праклаўшы яму дарогу да новых кар’ерных вышыняў. Мікалай I загадаў абвясціць яму царскую падзяку, узнагародзіць брыльянтавым крыжам і прыняць да ўвагі выказаныя ім ідэі. Лёс даў 38-гадоваму Сямашка шанец, і ён здолеў ім скарыстацца.

З гэтага часу Сямашка стаў галоўнай асобай з уніяцкага духавенства ў падрыхтоўцы і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да ўніяцкай царквы. Варта адзначыць, што тагачасны кіраўнік уніяцкай царквы мітрапаліт Язафат Булгак быў стары і справамі практычна не займаўся. Ужо ў 1829 годзе Сямашка быў пасвечаны ў біскупы і стаў вікарыем Беларускай епархіі з правам знаходжання ў калегіі ў Пецярбургу.

Паколькі час газет і тэлебачання яшчэ не надышоў, правадніком дзяржаўнай ідэалогіі сярод масаў павінная была выступаць царква.

Уніятаў вырашана было лічыць «сапсаванымі праваслаўнымі», як беларускае насельніцтва — «сапсаванымі рускімі». Заставалася толькі іх выправіць.

Сутнасць дзейнасці Сямашкі фактычна зводзілася да арганізацыі змовы ва ўніяцкай царкве, таемна ад мітрапаліта і вернікаў, з мэтай яе далучэння да праваслаўя.

Мерапрыемствы ў гэтым напрамку таемна распрацоўваліся міністрам унутраных справаў Блудавым з удзелам Сямашкі і ажыццяўляліся на месцах пад кантролем і пры садзейнічанні свецкіх уладаў.

У 1833 годзе разам з Сямашкам паводле яго рэкамендацыі былі пасвечаныя тры «надзейныя біскупы», якія таемна далі пісьмовыя абавязанні аб гатоўнасці далучыцца да праваслаўнай царквы. Двое з іх — Васіль Лужынскі і Антоні Зубко — сталі паплечнікамі Сямашкі, які сяжхеў збольшага ў Пецярбургу (атрыманыя ад яго распараджэнні яны павінныя былі знішчаць).

У 1835 годзеу ўніят Міхаіл Баброўскі, навуковец-славіст сусветнага ўзроўню, які служыў пасля звальнення ўладамі з Віленскага ўніверсітэта парафіяльным святаром у мястэчку Шарашова, з болем пісаў: «Тыя толькі перад Госпадам Богам хай дадуць адказ, якія ўмаўленнямі і абяцаннем пасад або маёнткаў схіляюць да гэтага прагных да іх або прасцякоў, не зважаючы на сумленне мільёна простых людзей, выклікаючы сярод іх смуту, а прадстаўляючы ўраду вымушаныя падпіскі, падманваюць сам урад, быццам добраахвотна пераходзяць з адной веры ў іншую «(Хрысціянскае чытанне, 1907, № 12, с. 774).

Пры ўвядзеннi праваслаўных служэбнікаў і зборы «падпісак на праваслаўе» выяўляліся нязгодныя, так званыя «нядобранадзейныя», для «пераканання» якіх ужываліся рэпрэсіўныя меры.

Пра ўніяцкіх манахаў-базыльян, якія былі найбольш адукаванай і згуртаванай часткай ўніяцкага духавенства, а таму найбольш небяспечнай, улады «паклапаціліся» загадзя, пазбавіўшы іх незалежнага кіравання і да 1835 зачыніўшы каля дзвюх трацін манастыроў.

Пасля смерці ў пачатку 1838 апошняга ўніяцкага мітрапаліта падрыхтоўка афіцыйнага далучэння ўніяцкай царквы да праваслаўя выйшла на фінішную лінію. Да гэтага часу дзякуючы «чыстцы» духавенства ўсе галоўныя пазіцыі ва ўніяцкай іерархіі былі занятыя «добранадзейнымі». 1 снежня Сямашка склаў запіску, у якой разглядаліся спосабы «вонкавага далучэння ўніятаў да праваслаўнай царквы», якая сама па сабе вельмі паказальная. Сярод непрыдатных спосабаў называліся патрабаванне згоды ад уніяцкіх вернікаў і скліканне сабора ўніяцкага духавенства, бо сабор павінен быў дэманстраваць аднадушнасць, якой не было. Гэта прывяло б да пераходу ў каталіцтва значнай часткі ўніятаў. Найлепшым спосабам Сямашка лічыў падпарадкаванне ўніятаў Святому Сіноду імператарскім указам, заўважаючы: «Калі трэба фармальнае прашэнне, то і яно можа быць пададзена, прынамсі, ад начальніцкага духавенства, з тым толькі, каб цяпер аб тым яшчэ не было апублікавана» (Запіскі Іосіфа, мітрапаліта літоўскага, выдадзеныя імператарскай Акадэміяй навук паводле тэстаменту аўтара, Спб., 1883, т. 2, c. 79 — 80).

Запіску Сямашкі ўхваліў Мітрапаліт Маскоўскі Філарэт. Якраз тады ў Пецярбург прыбыло прашэнне на імя імператара аб абароне ўніяцкага веравызнання ад імя 111 святароў Беларускай епархіі, прынятае на сходзе духавенства і вернікаў у вёсцы Царкаўляны Дрысенскага павета, які стаў найбольш значнай акцыяй пратэсту.

Усяго не далі падпіскі 421 святар і 172 манахі.

1 сакавіка 1839 Мікалай I загадаў Сіноду разгледзець «Акт» і зрабіць адпаведныя распараджэнні. Указ Сінода выйшаў 14 красавіка 1839. На наступную раніцу каля 1,5 млн уніятаў прачнуліся праваслаўнымі, аднак не даведаліся пра гэта. У сакрэтным дадатку да Сінадальнага ўказа патрабавалася не рэгістраваць яго і не публікаваць, а абвяшчаць толькі «добранадзейным» паасобку. Біскуп Зубко пісаў: «…мы з нагоды паступлення друкаванага ўказа не рабілі ніякай урачыстасці, што магла б абудзіць у простага чалавека думку, што яны не былі праваслаўнымі, а пачынаюць быць імі цяпер. У іх гэтая думка ўспыхнула пры перабудове цэркваў — пахваляваліся трохі і супакоіліся» (Праваслаўны агляд, 1881, № 4, с. 746). Такім чынам, факт афіцыйнага далучэння ўніяцкай царквы да праваслаўнай утойваўся ад вернікаў і ніжэйшага духавенства. У чыіх жа інтарэсах тады праводзілася гэтая акцыя?

Вынікі

Калі стала вядома, што ўніяцкая царква ліквідаваная па рашэнні дзяржаўнай улады, большасць да таго часу нязгодных святароў змірылася і дала падпіскі аб далучэнні да праваслаўя, але не ўсе. Нязгодныя замыкаліся ў манастыры на месцы або высылаліся ў расійскія губерні. Для высылкі ўніяцкага духавенства па рашэнні Сямашкі ў сакавіку 1839 быў заснаваны манастыр у Курску. «Добранадзейнасць» уніяцкай паствы стала клопатам свецкай улады, выкарыстаўшы пры неабходнасці паліцэйскія метады «пераканання», у тым ліку цялесныя пакаранні.

Прымус да праваслаўя выклікаў у наступныя гады масавае адчужэнне ад царквы і нефармальны пераход у каталіцтва.

Любы ахвотны можа азнаёміцца з успамінамі самога мітрапаліта Сямашкі або даследаваннямі тых праваслаўных гісторыкаў, для якіх паняцце гістарычнай праўды не было пустым гукам (напрыклад, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі (1833–1839)» магістра багаслоўя протаіерэя Г. І. Шавельскага або «Гісторыя рускай царквы» ганаровага доктара багаслоўя Сергіеўскага багаслоўскага інстытута І. К. Смоліча), і пераканацца, што далучэнне ўніяцкай царквы да праваслаўнай было выкліканае выключна палітычнымі прычынамі і насіла вымушаны характар. У чым жа заслуга Іосіфа Сямашкі перад Царквой?

З’яўляючыся не дурным чалавекам, Сямашка разумеў, што яго чакае лёс усіх перабежчыкаў — быць пагарджаным і здраджанымі, і тымі, хто гэтым скарыстаўся. Разам з прашэннем аб «уз’яднанні» ён падаў імператару просьбу дазволіць яму пражыць рэшту дзён прыватным чынам, але не ў манастыры, па-за заходнімі губернямі.

Выглядала б лагічна, калі б ідэя ўшанавання Сямашкі як святога паўстала ў часы Расійскай імперыі, бо заслугі яго перад царызмам бясспрэчныя. Аднак яна паўстала ў суверэннай Беларусі ХХI стагоддзя.

Асабліва здзіўляе тое, што праваслаўная царква, якая перажыла кашмар бальшавіцкіх рэпрэсій, якая здабыла ў выніку гэтага гурт новапакутнікаў, што пацярпелі за веру, хоча паставіць побач з імі чалавека, які ладзіў рэпрэсіі за вернасць рэлігійным перакананням.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?