Гутарка са стваральнікамі сайта Goals.by — кіраўніком праекта Максімам Беразінскім і галоўным рэдактарам Алегам Гаруновічам.

Офіс Goals.by — у кватэры на першым паверсе старога дома непадалёк «Інстытута культуры». Сціплая, напаўспартанская атмасфера мужчынскага калектыву. Нічога лішняга — апроч ноўтаў, мабілак і плазменнага TV у калідоры. Беразінскі (28 гадоў) і Гаруновіч (27 гадоў) — даўнія знаёмцы па журфаку БДУ — дзеляць адзін кабінет на двох. Пасля абмеркавання апошніх спартовых падзей пачынаем гутарку «пад запіс».

Алег Гаруновіч і Максім Беразінскі.

Алег Гаруновіч і Максім Беразінскі.

Алег Гаруновіч.

Алег Гаруновіч.

Максім Беразінскі.

Максім Беразінскі.

Офіс Гоалз.бай выглядае сціпла.

Офіс Гоалз.бай выглядае сціпла.

Як выглядае топ-5 самых папулярных відаў спорту ў Беларусі?

Гаруновіч: Магу сказаць, як выглядае топ-2: футбол і хакей.

Беразінскі: Мы рабілі стаўку на два віды спорту, не збіраючыся падрабязна аглядаць валейбол, баскетбол ды іншыя. Футболам і хакеем у Беларусі цікавяцца, тут ёсць грошы, нармальныя клубы, зародкі маркетынгу. Увесь астатні спорт — гэта проста аматарскі ўзровень. І для нас яны існуюць па рэшткавым прынцыпе — калі нешта цікавае адбываецца, імкнемся напісаць…

Гаруновіч: Вельмі вялікая розніца паміж футболам і хакеем ды ўсім астатнім. Футбол, дарэчы, значна папулярнейшы за хакей — сыходзячы з колькасці праглядаў матэрыялаў. І калі ў нас смяюцца з таго, што на футбол ходзяць дзе-небудзь у Салігорску па 2 тысячы чалавек, то на валейбол збіраецца па 100 чалавек. Папулярнасць спорту на вельмі нізкім узроўні.

Беразінскі:

У Чэхіі, напрыклад, дзе таксама жывуць прыкладна 10 мільёнаў людзей, спортам так ці інакш цікавяцца каля 25–30% насельніцтва: ходзяць на стадыён або чытаюць спартовую прэсу. Па Беларусі такой статыстыкі няма, але мы прыкідвалі, што не больш за 5%.
То бок гэта міф — што мы спартовая краіна?

Беразінскі: Міф. Дастаткова паглядзець на тыраж галоўнай спартовай газеты краіны. У «Прэсбола» тыраж 20 тысяч.

Гэта шмат пра што гаворыць.

Гаруновіч: Можна яшчэ зірнуць на колькасць спартовых газет, на іх якасць…

Праблема спартовай прэсы ў тым, што няма добрых менеджараў?

Гаруновіч: А дзе яны ёсць, менеджары? У нас усе праблемы зводзяцца да аднаго.

Беразінскі: Другая вялікая праблема — гэта адсутнасць кадраў. На журфаку, напрыклад, няма ніякага менеджменту прэсы.

Калі заўтра зменіцца ўлада, і апынецца, што вельмі шакаладна рабіць газеты, адкуль з’явяцца гэтыя газеты ці сайты?
Няма адкуль узяцца людзям, якія б гэта рабілі. Праблема аўтараў стаіць востра. Калі рабіць нейкую аднастайную працу з дня ў дзень — на гэта яшчэ можна знайсці чалавека. Але чалавека з крэатыўнымі ідэямі знайсці ўжо складана.

А вы адкуль узяліся?

Беразінскі: Мы таксама з журфаку. Калі чалавек туды прыходзіць з нейкімі думкамі, то гэтыя думкі не губляюцца. Калі ў чалавека няма стрыжня і разумення, што рабіць, то яму там нічога не даюць.

Як вы аўтараў знаходзіце?

Беразінскі: Па-рознаму. Адсочваем спартовыя выданні, з кімсьці размаўляем, нехта сам прыходзіць, прапаноўвае сябе.

Гаруновіч: Мікіта Мелказёраў, наш аўтар, працаваў у газеце «Всё о футболе», пісаў там поўную лухту, браў нейкія інтэрв’ю. Прыйшоў да нас, раскрыўся. Робіць вельмі якасныя, цікава напісаныя рэпартажы з футбольных матчаў. Ідзе на футбол, як на вечарынку. Фарсіста апранаецца. Практычна свецкі аглядальнік.

Беразінскі: Яшчэ можна ўзгадаць аднаго аўтара, які да таго, як прыйшоў да нас, на падшыпнікавым заводзе працаваў.

Чаму спробы стварэння вялікіх спартовых сайтаў нічым раней не заканчваліся? А ў вас усё атрымліваецца…

Гаруновіч: Ну, наша спроба таксама пакуль нічым асаблівым не скончылася. Мы яшчэ не зрабіліся самым наведвальным спартовым сайтам краіны. І не выйшлі на той узровень акупнасці, які хацелі б.

Беразінскі:

У нас ёсць пэўныя рэсурсы і яснае разуменне таго, як мы можам дамагчыся поспеху.
Да таго, як мы з’явіліся, у краіне не было ніводнага спецыялізаванага спартовага сайта, дзе можна было б у рэжыме рэальнага часу чытаць навіны чэмпіянату Беларусі па футболе. Мы запоўнілі гэты прабел. І аказалася, што гэта запатрабавана. За паўтара года мы без усякай рэкламы сабралі аўдыторыю 15 тысяч унікальных карыстальнікаў на дзень, уваходзім у трыццатку самых наведвальных сайтаў краіны. У бліжэйшай будучыні запусцім некалькі сэрвісаў, якія павінны стаць прарыўнымі для Беларусі.

Карацей, пераносіце сюды мадэль Sports.ru.

Беразінскі: Мы пераносім мадэль паспяховых інтэрнэт-рэсурсаў.

Гаруновіч: Sports.ru арыентаваны на замежны спорт. Мы ж апісваем беларускі спорт, ужываючы іх падыходы. У Sports.ru моцныя аўтары. У Беларусі не знойдзецца людзей, якія маглі б гэтак жа бліскуча разбірацца ў Прэм’ер-лізе або ў Серыі «А». Да нас прыходзяць людзі і кажуць: я хацеў бы пісаць пра чэмпіянат Германіі. «А ты яго глядзіш?» — «Ну, не гляджу, у інтэрнэце чытаю».

Як выглядае ваша аўдыторыя? Ці можна намаляваць партрэт сярэдняга чытача Goals.by?

Беразінскі: Больш за 80% — гэта мужчыны. Ёсць меркаванне, нібыта спортам цікавяцца толькі мужыкі ў тапках і трэніках або ваяўнічыя фанаты. Але гэта зусім не так. Сярод тых, хто спортам цікавіцца, досыць багатых людзей, топ-менеджараў, уладальнікаў бізнесу. Паводле статыстыкі Gemius, у нас паказнікі ў гэтых катэгорыях вышэйшыя, чым у сярэднім па інтэрнэце.

І гэта ўжо да размовы пра тое, што ў Беларусі можна нармальна прадаваць спорт.

А ці цікавы спорт беларускаму рэкламадаўцу?

Беразінскі: Спорт як такі вельмі слаба цікавіць беларускія кампаніі. Зірніце на білборды вакол футбольных палёў. Там чамусьці рэкламуюцца райвыканкамы. Але мы сваім прыкладам паказваем, што беларускі спорт можа быць цікавы звычайнаму спажыўцу, што ён можа збіраць разумную аўдыторыю.

Гаруновіч: Рэкламадавец, як мне здаецца, кансерватыўны. Ён аддае перавагу тым пляцоўкам, якія ведае не першы год. Так што нам, маладым, даводзіцца прапаноўваць нешта незвычайнае, каб атрымаць сваю крыху ўвагі.

Якія матэрыялы выклікаюць на сайце найбольш жорсткія спрэчкі?

Гаруновіч:

У футболе срач часцей за ўсё разгараецца, калі матэрыял тычыцца або менскага «Дынама», або БАТЭ — у гэтых каманд больш за ўсё заўзятараў. Негатыўную рэакцыю выклікае дурасць прадстаўнікоў улады — або іх бяздзейнасць, або неадэкватныя ўчынкі. Дастаткова ўспомніць інцыдэнт у Бабруйску, дзе супрацоўнік АМАПу паліў слёзатачывым газам заўзятараў сталічных дынамаўцаў. Тады ў нянавісці да гэтага амапаўца аб’ядналіся ўсе заўзятары.

Наколькі цяжка наладжваць адносіны з нашымі спартовымі функцыянерамі, прэс-службамі?

Беразінскі: Ёсць толькі хакейнае «Дынама» і БАТЭ, якія імкнуцца выбудаваць цывілізаваную працу з прэсай. Хоць насамрэч пакуль часцей ад іх не столькі дапамогі, колькі перашкод. У астатнім у нас — каменны век. Ты проста можаш, а 10-й вечара набраць любога футбаліста нашай краіны і пагаварыць з ім пра што захочаш.

Дык гэта ж добра.

Беразінскі: Добра з аднаго боку. Мы наўпрост з усімі трымаем сувязь. Але ў нас прэс-службы створаны для таго, каб засцерагчы спартоўца ад лішняй увагі. Нават не так. Проста каб нічога не рабіць. Прэс-аташэ лянуецца набраць лішні раз нумар кагосьці і пра нешта папрасіць, яму прасцей сказаць: «Спартовец не можа».

Гаруновіч: Ну і яшчэ такая беларуская традыцыя, што прэс-службу звычайна складаюць журналісты якога-небудзь выдання. Напрыклад, прэс-службу БАТЭ складаюць хлопцы з «Прэсбола».

Палітыкі ў спорце шмат?

Беразінскі: Спорт — найменш закранутая палітыкай тэма. Тут можна рабіць цікавыя штукі, не закранаючы палітыку. А сваю пазіцыю можна выказваць праз нейкія апасродкаваныя рэчы.

У што Goals.by мае ператварыцца праз 2–3 гады? Як вы бачыце сваю будучыню?

Гаруновіч: У мяне, вядома, ёсць мара пра медыяхолдынг, які ўключаў бы ў сябе не толькі спартовы сайт, але і тэлебачанне, радыё, газету. Але гэта такая супермара.

Беразінскі: У бліжэйшыя год-паўтара перад намі ёсць задача — выйсці на самаакупнасць. Для гэтага нам трэба запусціць некалькі новых сэрвісаў, працаваць над паляпшэннем кантэнту і больш эфектыўна ўзаемадзейнічаць з рэкламадаўцамі.

Пра галоўнае не спытаў — самі спортам займаецеся?

Беразінскі: Пару разоў на тыдзень імкнемся ў футбол гуляць. Хаця не заўсёды атрымліваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?