Украіна разлічвае эканоміць каля $6 млрд у год у выніку перагляду газавых кантрактаў з Расіяй,
заявіў прэм’ер Мікалай Азараў, падводзячы вынікі цяжкіх перамоваў з Масквой, у якіх Кіеў настойваў, што цяперашняя цана непасільная для ўкраінскай эканомікі.

«Як толькі мы дамовімся па цане на газ, мы атрымаем плюс, ну, груба кажучы, $500 млн у месяц, а гэта $6 млрд за год», — сказаў ён у эфіры праграмы «Экзамен для ўлады» на ўкраінскім Першым нацыянальным тэлеканале ў аўторак.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «настойлівыя перамовы з Расіяй» працягваюцца, паведамляе РІА «Навіны».

Раней у аўторак украінская газета «Эканамічныя весткі» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзідэнта Украіны паведаміла, што Украіна дамаглася ад Расіі зніжэння цаны на газ больш чым удвая.

Як сцвярджае выданне, у наступным годзе расійскі газ будзе пастаўляцца па цане $230–240 за тысячу кубаметраў. Акрамя таго, новымі пагадненнямі для Украіны прадугледжаная магчымасць правядзення аплаты ў рублях, а таксама крэдытавання. Узамен расійскія інвестары атрымаюць прэферэнцыі пры прыватызацыі прадпрыемстваў на Украіне.

Паводле словаўх крыніцы выдання, новыя кантракты будуць падпісаныя ў канцы лістапада — пачатку снежня. Цяпер працягваецца ўзгадненне тэхнічных дэталяў на ўзроўні ўрадаў і кампаній «Газпрам» і «Нафтагаз Украіны».

«Газпрам» і «Нафтагаз Украіны» ў студзені 2009 года падпісалі два кантракты: куплі-продажу газу на перыяд з 2009 па 2019 гады і аб’ёмах і ўмовах транзіту газу праз Украіну на той жа перыяд. Падпісанню дакумента папярэднічаў газавы канфлікт, вынікам якога стала тое, што шэраг еўрапейскіх краін былі без газу амаль тры тыдні.

У канцы жніўня гэтага года газавы канфлікт Расіі і Украіны абвастрыўся. Януковіч у жорсткай форме патрабаваў паніжэння цэнаў на газ. Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін і кіраўнік «Газпрама» Аляксей Мілер заяўлялі, што патрабаванні ўкраінскіх уладаў непрымальныя. У пачатку верасня Пуцін запусціў трубаправод «Паўночны паток» і абвясціў, што Украіна страціла «эксклюзіў на транзіт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?