97 адсоткаў усіх страўсаў на зямлі жывуць у няволі. 700 зь іх – на самай буйной беларускай страўсінай ферме ў Казішчах, што пад Кобрынам.


Страўсы – птушкі выносьлівыя. Яны вытрымліваюць тэмпературу паветра ад +50 да -30. Таму ў нашым далёка не афрыканскім клімаце яны пачуваюць сябе досыць камфортна.


Страўсы – равесьнікі дыназаўраў. У вышыню іх памер складае да 2,7 мэтраў. Важыць такая птушка каля цэнтнера. Чамусьці на кожнай назе ў іх толькі па два пальцы.


Жывуць страўсы сем’ямі, самец і дзьве-тры самкі. Як правіла, адна з самак у сям’і - любімая. Штогод кожная страўсіха прыносіць прыкладна па 30 яек. Птушаня прымацавана да яйка пупавінай, на казішчанскай ферме яе абразаюць акушэркі. Гадуюць страўсят выключна самцы.


Прастыўшы, страўсы кашляюць. Спалохаўшыся, паміраюць ад разрыву сэрца.


Важыць страўсінае яйка каля палутара кіляграмаў. Затое мозг птушкі важыць усяго 40 грамаў (гэта меньш чым страўсінае вока).


Страўсы хапаюць клювамі ўсё, што блішчыць - гузікі, завушніцы і аб'ектывы фотаапаратаў.


P.S. Тое, што страўсы хаваюць ад страху галаву ў пясок – няпраўда. Ад небясьпекі яны ратуюцца ўцёкамі – крокамі па 3-4 мэтры яны разьвіваюць хуткасьць да 70 км у гадзіну.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?