Кіраўніцтва ўпраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама стала ініцыятарам ўсталявання на дарогах макетаў дзікіх кабаноў, якія свецяцца.
Як паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ Наталля Елістратава, на дадзены момант сілуэты кабаноў, зробленыя з тонкіх лістоў металу, усталяваныя каля дачнага пасёлка ва ўрочышчы Клянкі і абласнога цэнтра.
«Увесь сэнс прысутнасці макетаў кабаноў ўздоўж дарогі можна зразумець толькі вечарам ці ноччу, калі святло фар ад аўтамабіляў трапляе на макет: спачатку кіроўца заўважае толькі невялікую светлую пляму, якая з кожным метрам робіцца ярчэйшай, ды яшчэ і павялічваецца ў памерах. На макеты нанесеная спецыяльная светлаадбівальная сумесь, і эфект ад такога яркага начнога звера будзе ў разы перавышаць дзеянне флікера, што прымусіць кіроўцу машынальна знізіць хуткасць», — патлумачыла сутнасць ідэі інспектар.
Кіраўніцтва мясцовай ДАІ, паводле словаў інспектара, бачыць у гэтым толькі перавагі.





