Як паведамляюць інфармагенцтвы, пачынаючы з 17 лістапада на тэрыторыі 27 дзяржаваў Еўрапейскага саюза усе цыгарэты, якія паступаюць на прылаўкі крам, будуць гаснуць самі.

Вытворцы цыгарэтаў абавязаныя будуць пастаўляць на рынак толькі цыгарэты новага тыпу з так званай нізкай схільнасцю да гарэння, якія згасаюць самі праз некаторы час. Вытворцам у абавязковым парадку прадпісана выкарыстоўваць падчас вырабу цыгарэтаў цяжкаўзгаральную папіросную паперу, якая ніякім чынам не паўплывае ні на смак, ні на якасць тытунёвага вырабу.

Між тым клопат з нагоды новых цыгарэт выказалі медыкі.
Яны кажуць, што падчас курэння такіх цыгарэт курцам давядзецца часцей зацягвацца, а значыць, спажыванне тытуню ўзрасце. Вытворцы са свайго боку папярэдзілі, што антыпажарныя цыгарэты будуць даражэйшыя за звычайныя на 10–20%.

Еўракамісія ініцыявала прыняцце новай дырэктывы ЕС з мэтай скараціць колькасць выпадковых пажараў, звязаных з непатушанымі цыгарэтамі. Дадзеныя за 2003–2008 гады паказваюць, што ў Еўрасаюзе курэнне штогод з’яўляецца прычынай 30 тыс. пажараў, у выніку якіх каля 1 тыс. чалавек гінуць і больш за 4 тыс. атрымліваюць траўмы. У Фінляндыі, якая перайшла на такія цыгарэты, колькасць смерцяў у выніку пажараў, выкліканых незатушанай цыгарэтай, знізілася на 43%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?