Вядомая віцебская мастачка Святлана Баранкоўская нядаўна прывезла ўзнагароду з першай расійскай трыенале сучаснага габелена «Квадратны метр — свая прастора», якая з верасня да 7 лістапада праходзіла ў Дзяржаўныммузеі-запаведніку «Царыцына» ў Маскве.
Святлана Баранкоўская побач з габеленам “Апостал”.
Сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна побач з габеленам “Апостал”.
Перамогу ў намінацыі «Паэтыка вобраза» атрымаў габелен «Апостал». Гэтую працу, выкананую ў традыцыйнай тэхніцы габелену, мастачка прысвяціла «апосталу беларускай нацыі» — пісьменніку Васілю Быкаву. Акрамя гэтага твора, С. Баранкоўская дасылала на выставу яшчэ дзве свае працы — «Новая зямля» (таксама памяці Быкава) і «Меч Святагоркі» ў гонар Эміліі Плятэр.
Як сказала Святлана Баранкоўская, журы ацэньвала каля 350 прац 250 аўтараў з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама мастакоў з Беларусі, Украіны, Малдовы, Казахстана і краін Балтыі. За паўтара месяца выставу наведала больш за 7 тысяч чалавек. 7 лістапада адбылося ўзнагароджанне пераможцаў трыенале. «Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што габелен ёсць нават у якутаў», — падзялілася ўражаннем спадарыня Святлана.
Даведка: Святлана Баранкоўская скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Сябра Саюза мастакоў Беларусі і Саюза дызайнераў Беларусі. Пастаянная ўдзельніца гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выставаў. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Украіне, Расіі, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Ізраілі.





