Ваенная экспазіцыя ў Браслаўскім музеі. Фота maystra.io.ua.
Браслаўскі краязнаўчы музей трапіў пад аперацыю «Арсенал» — добраахвотную здачу нелегальнай зброі дзяржаве. Экспазіцыя часоў Другой сусветнай вайны, якая захоўвалася ў зале з сігналізацыяй, цалкам апынулася ў Браслаўскім РАУСе.
Скарыстацца такой зброяй немагчыма ў прынцыпе — усе механізмы з яе папярэдне выдаленыя. Гэта ўсё адно, што паспрабаваць праехацца на мінскім танку-«вызваліцелю», што стаіць ля Дому афіцэраў.
Сярод сканфіскаванай у Браславе зброі ёсць і ўлюбёнец публікі, кулямёт «Максім», ля якога заўжды фатаграфаваліся турысты і жыхары Браслава.
«21 адзінка зброі, — кажа дырэктар браслаўскага музейнага аб’яднання Аляксандр Панцялейка. — Аднак
нам вернуць яе тады, калі ў нас будуць дакументы на зброю. Пасля выбуху ў метро гэта здарылася — там была пастанова правесці аперацыю „Арсенал“у тры дні да першага мая. Уся музейная зброя непрацоўная — гэта агульнавядома, мы прад’явілі дакументы, якія пацвярджаюць гэта. Аднак высветлілася, што
да нас патрабаванні, як да паляўнічых — уся зброя мусіць мець афармленне».
У Браслаўскім РАУСе інфармацыю пацвердзілі, аднак зброя ўжо паспела пераехаць ва Упраўленне ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму. Вернуць яе ў Браслаў, калі музей аформіць дакументы. «Музею патрэбна ліцэнзія дзяржаўнага ўзору, — кажа начальнік браслаўскай міліцыі Вячаслаў Грышчанка. — У любым выпадку гэта зброя наразная, нават не паляўнічая, на наразную зброю абавязкова патрэба ліцэнзія.
А тое, што яна не працоўная… ва ўмелых руках нашага народа і палка можа стрэліць.Такі самы
рэйд праводзіўся па ўсіх музеях, нават школьных: туды ж прыносяць усякае — нават гранаты.Гэта агульнарэспубліканская праграма — ва ўсёй краіне праводзяцца праверкі і ў музеях у тым ліку. Уся зброя знаходзіцца на адказным захаванні.
Як толькі будзе ліцэнзія, мы адразу зброю прывязём самі».





