Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, этапаваны ў адну з папраўчых калоній Віцебскай вобласці. Аб гэтым яго жонцы Ірыне Халіп паведаміў 16 лістапада часовы выканаўца абавязкаў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Працэнка.

«

Гэта той самы Працэнка, які паўтара месяца таму тлумачыў мне пры пераводзе Саннікава ў бабруйскую калонію: яму там будзе лепш. Аднак цяпер ён заявіў, што з прычыны небяспекі для жыцця і здароўя Саннікава ён пераведзены з бабруйскай калоніі № 2 у Віцебскую вобласць.
У якую калонію — Працэнка мне не паведаміў», — распавяла Халіп журналістам.

Паводле інфармацыі Працэнкі,

Саннікава будуць этапаваць у калонію зноў праз магілёўскую турму
(у канцы верасня Саннікава ўжо этапавалі з калоніі Наваполацка ў калонію Бабруйска праз магілёўскую турму).

Халіп таксама паведаміла: на мінулым тыдні да яе надышла інфармацыя аб тым, што

ў бабруйскай калоніі № 2 Саннікаву з-за праблем са здароўем дазволілі ляжаць днём, што звычайна не практыкуецца.
У сувязі з гэтым яна задала Працэнку пытанне: ці рабілася ў дачыненні да Саннікава медыцынскае заключэнне і наколькі яго здароўе дазваляе перанесці чарговае этапаванне? Працэнка адказаць не змог.
Што тычыцца месцазнаходжання Саннікава, дык, па словах Халіп, Працэнка рэкамендаваў адвакату палітыка самому высвятляць, дзе знаходзіцца яго падабаронны.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці размясціліся пяць папраўчых калоній: № 8 і 12 — у Оршы, № 3 — у Віцебскім раёне, № 10 — у Наваполацку, № 3 — у Глыбокім.

Пра тое, што Саннікава ў Бабруйску няма, стала вядома раніцай 16 лістапада. Сёння з палітыкам павінен быў сустрэцца яго адвакат, аднак у калоніі яму заявілі, што Саннікава перавялі. Куды ён этапаваны, у сувязі з чым і на якой падставе гэта зроблена, адвакату не патлумачылі.

Халіп адразу ж адправілася ў ДВП з мэтай высветліць знаходжанне свайго мужа, аднак кіраўніцтва дэпартамента адмовілася яе прыняць, параіўшы прыйсці ў пятніцу — прыёмны дзень.

Атрымаўшы адмову, Халіп напісала заяву на імя Працэнкі з патрабаваннем неадкладна паведаміць, дзе знаходзіцца яе муж, даць яму сустрэчу з адвакатам і спыніць у дачыненні да Саннікава незаконныя дзеянні. Пасля гэтага жонку асуджанага палітыка запрасілі на прыём.

Дзяжурны ДВП, прыняўшы заяву, папрасіў паказаць паштовы адрас, па якім можна даслаць адказ, аднак Халіп заявіла, што патрабуе неадкладнай інфармацыі аб знаходжанні мужа. Праз прыкладна 15 хвілін той жа дзяжурны паведаміў, што Халіп прымуць.

Перад тым, як напісаць заяву, Халіп запрасіла журналістаў прыйсці ў ДВП.

Яе папярэдзілі: калі прадстаўнікоў СМІ збярэцца шмат, гэта будзе расцэнена як несанкцыянаваная акцыя з усімі наступствамі.

Неўзабаве пасля прыезду журналістаў у будынку ДВП з’явіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, сярод якіх быў намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ігар Яўсееў. Аднак абышлося без інцыдэнтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?