Старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Аляксандр Даменікан заявіў, што ў наступным годзе ў Мінску плануецца пабудаваць 1 мільён квадратных метраў жылля. Па яго словах, 500 альбо 600 тысяч квадратных метраў з іх будзе пабудавана для грамадзянаў, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў.
«Колькасць ільготнікаў будзе скарачацца, а ў сувязі з высокімі стаўкамі банкаўскіх камерцыйных крэдытаў людзям будзе складана ўзяць іх на жыллёвае будаўніцтва», — мяркуе Дамінікан.
Ён таксама адзначыў, што будзе расці і кошт будаўніцтва. «Нашы разлікі паказваюць, што кошт квадратнага метра ў раёне 6 млн. — гэта аптымістычны кошт. Я думаю, што кошт будзе фармавацца ў раёне 900 даляраў у эквіваленце», — сказаў старшыня камітэта.
$900 зараз — гэта каля 8 мільёнаў рублёў.
Яшчэ ў пачатку гэтага года УКСы прасілі па 1,8-2,1 мільёна рублёў за квадратны метр. Гэта было каля $600-700 па тагачасным курсе. І цяпер выяўляецца, што будаўніцтва падаражэла нават у даляравым эквіваленце.
Калі па $900 будуць браць за метр з ільготнікаў, то колькі тады давядзецца заплаціць астатнім беларусам?
Пры цяперашніх заробках нават для таго, каб пабудаваць тры квадратных метры (ванну з туалетам) давядзецца працаваць год,не выдаткоўваючы грошы ні на што іншае.