Брэсцкі раённы суд вынес рашэнне 15 лістапада. Згодна з ім, брашура прызнаная экстрэмісцкай. Цягам дзесяці дзён аўтарка можа абскардзіць такое рашэнне. Але, як заявіла спн. Алена, рабіць гэтага не збіраецца.

«Яно было вынесена яшчэ да таго, як рашэнне агучыў суд. Я разумею, што ў гэтых людзей няма моцы супраць КДБ, які спусціў гэты загад».

Жанчына адзначае, што кніга была перададзена старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву. А той даручыў УКДБ па Брэсцкай вобласці правесці яе ацэнку. У выніку было ініцыянавана судовае разбіральніцтва.

Згодна з Законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» рашэнне суда з’яўляецца падставай для знішчэння брашуры.
Але спн. Алена адзначае, што амаль увесь наклад 200 асобнікаў яна разаслала ў дзяржаўныя ўстановы, перадала некаторым палітыкам.

Кнігу прызналі экстрэмісцкай на падставе экспертызы, якую праводзілі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Гнаук экспертыза не задаволіла. Ёй прапанавалі звярнуцца ў Акадэмію навук з просьбай правесці новую экспертызу. Але аплаціць прапанавлаі ёй самой. А гэта 6 мільёнаў рублёў. Гнаук адмовілася.

Што ж у брашуры знайшлі экстрэмісцкага? Яна прапагандуе вучэнне так званага прарока Вісарыёна.

Спн. Алена кажа, што з кантэксту вырвалі некалькі фраз і палічылі, што яны могуць прывесці да канфлікту паміж хрысціянамі і мусульманамі.

«Аўтар, звяртаючыся да мусульман і хрысціян, спрабуе навязаць ім агульную місію Вісарыёна як пасланніка Бога на зямлі. На практыцы прапанаваны мусульманам новы і адначасова стары прарок можа выклікаць выбух абурэння, прывесці да непрадказальных наступстваў, стаць асновай сур’ёзнага канфлікту».

«Кніга ўтрымлівае шэраг прамых і ўскосных пагроз, пачынаючы з «Гора тым, хто не жадае перараджацца!», «Гора таму грамадству, дзе абазначаныя старажытным Пісьмом дурні будуць знаходзіцца на тых месцах, адкуль можна актыўна ўдзейнічаць на свядомасць большасці людзей!»

Вісарыён (Сяргей Торап) — заснавальнік арганізацыі «Царква Апошняга Запавету». Яго вучні лічаць Вісарыёна другім Хрыстом. Шэраг хрысціянскіх цэркваў жа называе «Царкву Апошняга Запавету» таталітарнай сектай. Прыхільнікі Вісарыёна з’язджаюцца ў Краснаярскі край Расіі, дзе селяцца побач з ім. Беларускія ўлады лічаць гэты рух дэструктыўнай плынню.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?